BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Больш за 117 млн даляраў з-за мяжы атрымалі беларусы

У Нацыянальным банку распавялі, колькі валюты беларусы атрымалі з-за мяжы з пачатку года, а колькі – адправілі туды. Сума грашовых пераводаў у Беларусь перавысіла суму адпраўленых за мяжу ў паўтара разу.

За дзевяць месяцаў гэтага года праз міжнародныя сістэмы грашовых пераводаў з Беларусі адпраўлена амаль 77 млн ​​даляраў у эквіваленце. З-за мяжы паступіла 117,2 млн даляраў. Сярэдняя сума адпраўленага грашовага пераводу склала каля 660 даляраў у эквіваленце, атрыманага — амаль 540 даляраў.

У ДАІ расказалі пра вынікі рэйдаў на запраўках

Супрацоўнікам ДАІ не прыйшлося прымяняць меры адказнасці падчас праверак чэргаў на АЗС. Пра гэта расказаў кіраўнік ДАІ МУС Беларусі Віктар Ротчанкаў. На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў навесці “жалезны парадак” з чэргамі на АЗС, якія паўстаюць з прычыны піцця кавы. ДАІ тут жа пачала праводзіць рэйды. Па словах Ротчанкава, усе аператары АЗС ужо ведалі, як працаваць.

Начальнік ДАІ паведаміў, што на запраўках адразу ўвялі дадатковых работнікаў, а кіроўцы таксама сталі паводзіць сябе карэктна.

Беларусь амаль у паўтара разу павялічыла закупкі расейскай свініны

З пачатку года пастаўкі расейскай свініны ў Беларусь выраслі на 44,6% і склалі па выніках дзевяці месяцаў 94,3 тыс. тон. Гэты аб’ём складае амаль палову ад усяго экспарту Расеяй свініны ў бягучым годзе.

Беларусь па закупках расейскай свініны паступова даганяе Кітай, які стаў другім па значэнні імпарцёрам свініны з Расеі. У лік іншых буйных пакупнікоў уваходзяць В’етнам, а таксама Казахстан, Арменія і Грузія.

Польская пенсійная сістэма мае нізкі рэйтынг

Інстытут CFA Mercer штогод аглядае пенсійныя сістэмы па ўсім свеце. У сёлетнім рэйтынгу Польшча, як і ў мінулым годзе, уваходзіць у лік самых слабых краін. Калі казаць адпаведна школьнай сістэме ацэнак, то польская пенсійная сістэма атрымала “тройку з плюсам”. Адным з найбольш праблемных элементаў у Польшчы з’яўляецца стабільнасць сістэмы, якая звязана з такімі фактарамі, як нізкі пенсійны ўзрост і нізкі ўзровень добраахвотных пенсійных ашчаджэнняў.

Найлепшыя пенсійныя сістэмы функцыянуюць у Нідэрландах, Ісландыі, Даніі, Ізраілі і Сінгапуры.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае: help.hvylya.net.