Памер штомесячнай дапамогі на адно дзіця цяпер складае 800 злотых. Пра гэта паведамляе Rzeczpospolita са спасылкай на дадзеныя польскай сістэмы сацыяльнага забеспячэння. Дапамога ў 800 злотых у Польшчы выплачваецца на ўсіх непаўналетніх дзяцей, уключаючы іншаземцаў, якія легальна знаходзяцца ў краіне. За мінулы год колькасць беларускіх дзяцей, на якіх выплачваецца дапамога, павялічылася на тысячу.

Больш за ўсё дапамог атрымліваюць украінцы — на 422,6 тысячы чалавек. Іх колькасць скарацілася больш як на 70 тысяч за год. На трэцім месцы сярод атрымальнікаў знаходзяцца грамадзяне Румыніі (12,9 тысячы дзяцей). Усяго дапамога ў Польшчы выплачваецца амаль 8 млн непаўналетніх. (РС)
У студзені ў Беларусі найбольш падаражэлі прадукты харчавання
Інфляцыя ў студзені склала 0,7% (у параўнанні са снежнем). Гадавая інфляцыя — 5,2%, паведамляе Белстат. У пачатку года найбольш падаражэлі прадукты харчавання — на 1% (за год — на 6,5%). Рост цэн на нехарчовыя тавары склаў 0,5% (за год — на 3,3%), на паслугі — 0,4% (за год — на 5,2%). Ва ўрадзе спадзяюцца, што сёлета інфляцыя не перавысіць 5%.
Беларусь хоча купляць кітайскія электравозы ў абыход санкцый
Беларуская чыгунка зноў спрабуе дамовіцца з Кітаем пра набыццё электравозаў, піша Супольнасць чыгуначнікаў. Беларусь ужо некалькі гадоў робіць спробы атрымаць новыя электравозы, але Кітай не хоча рызыкаваць супрацоўніцтвам з еўрапейскімі і амерыканскімі кампаніямі. У апошнія гады беларускія чыгуначныя электравозы састарэлі і патрабуюць замены, адзначаюць чыгуначнікі. Аднак новую тэхніку Беларусь хоча закупляць не ў Расеі, а ў Кітаі.
Чаму менавіта кітайскія электравозы? Гэта тлумачылася як больш выгаднай цаной, так і якасцю тэхнікі. З 2012 года БЧ набыла 30 кітайскіх электравозаў. Гэтыя лакаматывы прывязаныя да дэпо ў Баранавічах, дзе знаходзіцца найбуйнейшая рамонтная база краіны. У 2023 годзе планавалася новая закупка, але з прычыны санкцый супраць Беларусі пастаўкі былі адмененыя. Кітайскія партнёры адмовіліся выдзяляць крэдыты, а сам вытворца асцерагаўся другасных санкцый Захаду. (“Еўрарадыё”)
На малочным камбінаце ў Полацку – складаная сітуацыя
Сярод 32-х беларускіх малочных камбінатаў самая складаная эканамічная сітуацыя — на полацкім. Пра гэта стала вядома з афіцыйных крыніц, пасля таго, як камбінат наведала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава разам з іншымі чыноўнікамі. Падрабязнасці гэтай паездкі ў Полацак невядомыя, але Качанава заўважыла, што сітуацыя на камбінаце — самая складаная сярод іншых малочных вытворчасцяў у краіне:
– Сёння мы выпрацоўвалі пэўныя рашэнні, якія дапамогуць гэтаму прадпрыемству, а гэта не толькі пляцоўка ў Полацку, але і ў Віцебску. З 32 малочных камбінатаў, мабыць, самая складаная сітуацыя — на Полацкім малочным камбінаце.
«Мы будзем адстойваць свае інтарэсы». Францыя адказвае Трампу
Міністр замежных спраў Францыі Жан-Ноэль Баро падкрэслівае, што Еўропа адкажа, калі Злучаныя Штаты ўвядуць мыты для Еўразвязу. Ён заявіў, што “абарона інтарэсаў краін супольнасці не выклікае сумневаў”. “Калі справа даходзіць да абароны нашых інтарэсаў, ваганняў няма”, — кажа Баро. Ён падкрэсліў, што Еўракамісія мае мандат, які дазваляе прымаць адпаведныя меры, і ўжо накіравала паведамленне краінам-сябрам пра тое, што яна неадкладна выканае гэты мандат.
Французскі міністр не сказаў, якой канкрэтна можа быць магчымая рэакцыя ЕЗ на пытанне мытаў, але падкрэсліў, што “пачынаць гандлёвую вайну з Еўразвязам не ў чыіх інтарэсах”.
Беларускае Радыё Рацыя