
Палове беларусаў часам ці ўвесь час не хапае грошай да наступнага заробку, у траціны — выдаткі перавышаюць прыбыткі — такія высновы атрымалі сацыёлагі ў ходзе вывучэння фінансавай пісьменнасці насельніцтва Беларусі, паведамляе выданне «Беларусы і рынак» са спасылкай на вынікі даследавання. Апытанне на замову Нацбанка праводзілі ў лютым-сакавіку, у ім удзельнічала 1,5 тысячы дарослых жыхароў Беларусі.
Таксама ў беларусаў спыталі, што яны робяць, калі заканчваюцца грошы да атрымання новага даходу. Больш за палову адказалі, што імкнуцца эканоміць, па 21 працэнце трацяць зберажэнні і пазычаюць у сяброў і сваякоў. Некаторыя знаходзяць дадатковую працу, робяць пакупкі ў растэрміноўку. Ад чатырох да шасці працэнтаў апытаных сказалі, што ім даводзілася браць новы крэдыт, каб пагасіць доўг па ранейшай пазыцы.
Агулам апытанне паказала, што зберажэнню грошай аддаюць перавагу 72% беларусаў, тады як у 2020 годзе такіх было 56%.
Улады пахваліліся аднаўленнем паставак у 15 краін. Што гэта за краіны?
Прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці ў першай палове бягучага года ажыццяўлялі экспарт у 60 краін свету, пры гэтым былі адноўленыя пастаўкі на рынкі 15 дзяржаў, заявіў намеснік кіраўніка ведамства Андрэй Кузняцоў. У ліку краін, куды беларускія прадпрыемствы зноў пастаўляюць прадукцыю, ён назваў Ізраіль, Нікарагуа, Малі, Ірак, Лівію, Сірыю, Кувейт, Камбоджу.
Паводле слоў Кузняцова, Мінпрам “паспяхова нарошчвае” пастаўкі ў шэраг краін, надаючы “асаблівую ўвагу” афрыканскаму кантыненту. “Мінпрам актыўна супрацоўнічае з найбольш перспектыўнымі рэгіёнамі Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі ў рамках работы па дыверсіфікацыі рынкаў збыту”, — сказаў намеснік міністра.
Па выніках года Міністэрства прамысловасці прагназуе, што аб’ём вытворчасці ў галіне складзе больш за 31,6 млрд рублёў, экспарт вырасце на 2,5 працэнты. (паводле «Позірк»)
Еўразвяз адмовіў Венгрыі і Славакіі ў вяртанні транзіту расейскай нафты
Еўракамісія не падтрымала зварот Венгрыі і Славакіі пераканаць Украіну аднавіць транзіт нафты расейскага «Лукойла» па нафтаправодзе «Дружба». Камісар Еўразвязу па гандлі заявіў, што Бруселю патрабуецца больш часу для ацэнкі прававой сітуацыі, піша Office Life. Фактычна гэта азначае, што просьба адхіленая.
Як дазналіся журналісты Financial Times, на сустрэчы гандлёвых прадстаўнікоў дзяржаў Еўразвязу ніводзін з прадстаўнікоў не выступіў у абарону Будапешта і Браціславы. Адзначым, што забарона, уведзеная Кіевам на транспарціроўку нафты «Лукойла» праз Украіну, адчувальная для Венгрыі і Славакіі. Доля расейскай нафты на адзіным у Славакіі нафтаправодзе складае 35-40 працэнтаў, а на нафту «Лукойл», якая ішла ў Венгрыю праз Украіну, прыпадала каля 25-30 працэнтаў паставак нафты ў гэтую краіну.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц






