Па стане на вечар 15 ліпеня больш за тысячу населеных пунктаў застаюцца без энергазабеспячэння пасля аварый на ЛЭП падчас учорашняга ўрагану. Агулам парушэнне электразабеспячэння было зафіксавана ў 1960 населеных пунктах Беларусі.

Юры Шмакаў. Скрыншот відэа Мінэнерга
«Ад урагану пацярпелі ўсе тыпы ЛЭП – напружаннем ад 0,4 кВ да 330 кВ… У тым ліку два раённыя цэнтры ў Магілёўскай вобласці,», – сказаў першы намеснік генеральнага дырэктара – галоўны інжынер «Белэнерга» Юры Шмакаў.
Самае складанае становішча – у Мазырскім энергавузле. “Там на гэты момант працуе больш за 200 брыгад з усёй краіны і звыш 240 адзінак рознай тэхнікі, у тым ліку з высокай праходнасцю, таму што забалочаная мясцовасць. Актыўна дапамагаюць лесагаспадарчыя аб’яднанні, МНС. Каб забяспечыць электразабеспячэнне важнейшых спажыўцоў, важных для забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва (гэта водазаборы, каналізацыйныя, помпавыя станцыі, бальніцы), мы падцягнулі туды 32 перасоўныя дызель-генератарныя ўстаноўкі, яшчэ 20 падключаюцца сумесна са службамі МНС.
Спецыяліст не змог назваць дакладныя тэрміны поўнай ліквідацыі наступстваў аварый на электрычных сетках.
Як паведамлялася, цяпер больш за палову вёсак у Гомельскай вобласці застаюцца без электра- і водазабеспячэння.