BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Буйныя прадпрыемствы хочуць працаўладкаваць тысячы работнікаў

Нягледзячы на спад продажаў за мяжой і ўзмацненне канкурэнцыі, такія прамысловыя гіганты Беларусі як МАЗ і МТЗ нацэленыя на пашырэнне штата. Пра гэта піша «Люстэрка», абапіраючыся на даныя закрытых дакументаў, атрыманыя пры дапамозе Belpol.

Да прыкладу, на МТЗ летась паступова скарачалася колькасць работнікаў. Калі ў студзені-сакавіку ў сярэднім іх было 15 032, то да канца года — ужо 14 805. Але на гэтым прадпрыемстве плануюць актыўна набіраць работнікаў у гэтым годзе: чакаецца, што ў сярэднім іх стане 15 330 чалавек.

На МАЗе сярэдняя колькасць работнікаў летась была 13 259. Сёлета штат хочуць павялічыць да 14 997 — гэта значыць на 1738 чалавек.

EPAM і Wargaming заплацілі ў Літве мінімальныя падаткі за два гады

Паводле даных Дзяржаўнай падатковай інспекцыі Літвы за першы квартал, кампаніі з беларускімі каранямі EPAM і Wargaming застаюцца самымі буйнымі падаткаплацельшчыкамі сярод ІТ-кампаній у краіне, аднак сумы выплачаных імі падаткаў значна знізіліся, піша Devby.io.

Кампанія EPAM Sistemos заняла 4-е месца ў ІТ-сектары і заплаціла 3,7 мільёна еўра падаткаў — на 14% менш, чым у аналагічны перыяд 2024 года. Гэта найменшы паказчык кампаніі за апошнія два з паловай гады. У сваю чаргу, Wargaming апынуўся на 5-м месцы і заплаціў 2,94 мільёна еўра — таксама мінімум за апошнія два гады. Зніжэнне складае 2% у параўнанні з мінулым годам. Таксама абедзве кампаніі істотна скарацілі штат.

Цэны на аднапакаёўкі ў Менску дасягнулі максімуму за 12 гадоў

На другасным рынку жылля ў Менску назіраецца дзіўная карціна: колькасць здзелак падае, а цэны пры гэтым растуць. За год сталічныя кватэры падаражэлі прыкладна на 15%, піша realt.by. Красавік, калі пакупак жылля традыцыйна становіцца больш, праваліўся па колькасці заключаных здзелак. Іх было прыкладна 1300 – на 200 менш, чым у сакавіку. Пры гэтым цэны зноў выраслі на 1,5%. Сярэдні кошт квадратнага метра ў сталіцы ў красавіку склаў $1680. Год таму ў гэтым месяцы было $1460. Гэта значыць, зараз сярэдні кошт знаходзіцца на максімуме за 12 гадоў.

Рыэлтары гавораць, што праблема ў тым, што кватэры ў сталіцы часта пераацэнены. Асабліва з улікам больш дарагіх крэдытаў і дэфіцыту самых запатрабаваных і адносна новых аднапакаёвак.

Тайланд надзвычай папулярны ў беларусаў

Рост турыстычнага патоку з Беларусі ў Тайланд за студзень-красавік клаў 152 працэнты да аналагічнага перыяду папярэдняга года. І ў цэлым у гэтай краіне ў бягучым сезоне назіраецца турыстычны бум – вынікае са справаздачы Турыстычнага ўпраўлення Тайланда, піша Office Life.

За першыя 4 месяцы года ў Тайланд заехалі 16,125 тыс. турыстаў з Беларусі. Для параўнання: за ўвесь 2024 год іх было 20,6 тыс., а яшчэ годам раней – толькі 9 тыс. чалавек.

Высокі сезон у гэтай краіне доўжыцца з кастрычніка па май. Але ў ТАТ паведамляюць, што апошнія гады турысты ўсё часцей едуць у Тайланд і летам. Асабліва гэта датычыцца грамадзян постсавецкіх краін, якіх прыцягваюць 40% скідкі на пражыванне ў гэты перыяд.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: МТЗ.