BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Лічбы Крутога пра адток людзей з раёнаў прыбралі з сайта Лукашэнкі, бо яны страшныя”

Прапанова Аляксандра Лукашэнкі дазволіць кіраўнікам райвыканкамаў прызначаць кіраўнікоў прыватных кампаній і ажыццяўляць шэраг іншых абавязкаў выклікала бурнае абмеркаванне. Эканаміст Сяргей Чалы прапанаваў сваю версію таго, што могуць азначаць «рэвалюцыйныя перамены» ў вертыкалі і для чаго старшынямі райвыканкамаў хочуць даць новыя паўнамоцтвы.

— На самой справе гэта была спроба другога падыходу да вырашэння рэгіянальнага крызісу, а менавіта стварэння лакальных пастак беднасці на ўзроўні асобных раёнаў, — цытуе аналітыка «Салідарнасць» са спасылкай на канал«Чалы:Эканоміка». — Гэтыя пасткі сталі следствам крызісу, гібрыднай дэвальвацыі снежня-студзеня 2014-2015 гадоў, калі ўлады выявілі, што нічога не развіваецца, таму што людзям працаваць няма дзе і адпаведна няма чаго там [у рэгіёнах] заставацца.

А паколькі працаваць няма дзе — адпаведна няма плацежаздольнага попыту, таму няма сэнсу там адкрываць бізнес, так як няма каму будзе купляць.

На думку Сяргея Чалага, вось ужо 10 гадоў улады не могуць справіцца з узніклай праблемай.

— У іх няма ўласных сіл выцягнуць сябе, як Мюнхгаўзен, за валасы з балота. Без замежнай дапамогі гэта ўжо немагчыма, у іх няма крыніц, — тлумачыць эканаміст. — І далей спіраль апускання ў гэтую самую беднасць становіцца самападтрымоўваючай. Увогуле, «што б яны ні рабілі, не ідуць справы». Сітуацыя з рэгіёнамі пагаршаецца.

Пры гэтым улады не толькі ў рэгіёнах, але і на макраўзроўні ўмудраюцца стварыць усе ўмовы для таго, каб кваліфікаваная рабочая сіла бегла з краіны, удакладняе аналітык. І пачалося гэта яшчэ да выбараў 2020 года.

— І як заўважыў сам Круты, дарэчы, гэтыя словы пакінулі ў «Савецкай Беларусі», але прыбралі з сайта Лукашэнкі і БелТА, у сярэднім з раёна на 8-10 000 занятых у эканоміцы, паводле інфармацыі Белстата, з’язджае 300-400 чалавек штогод. Штогод 4% занятых! Гэта, я вам скажу, больш страшна, чым «Фаўст» Гётэ, — падкрэсліў Сяргей Чалы.

І вось зараз перад райвыканкамамі Лукашэнка ставіць задачу спыніць адток эканамічна актыўнага насельніцтва.

— Ну, мы разумеем, што старшыням выканкамаў ставіцца задача спыніць адток, а «гестапіку» (вытворнае ад ГУБАЗіК) ужо ставіцца задача наадварот — як бы эканамічна актыўнае насельніцтва максімальна скараціць: альбо пасадзіць, альбо выгнаць.

Аднак эканамічнага развіцця ніхто не адмяняў. Таму, мяркуе эканаміст, улады знайшлі, каму гэта даручыць.

— Вертыкаль улады пачала працаваць. А працуе яна такім чынам, што ўсе даручэнні ў канчатковым рахунку спускаюцца да самага нізу. Вось як у «казцы пра рэпку», дзе Жучка, котка, мышка… Вось да мышак і дабраліся. Ніжэй старшыняў райвыканкамаў ужо няма ўлады.

Вось давайце так і запішам, што ў эканоміцы ўсё гэта робяць райвыканкамы. Ну выдатна ж! Добрая ідэя! І вось дзеля гэтага прызнання ўласнай бездапаможнасці яны і гатовыя на зусім іншае ўладкаванне краіны, — заключае Сяргей Чалы.