У жніўні — пачатку верасня завяршаецца сезон у пчаляроў і попыт на мёд у гэты час звычайна высокі. Як піша Onliner, сёлета на працу пчаляроў негатыўна паўплывала надвор’е. Як кажа старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускія пчаляры» і галоўны рэдактар часопіса «Беларускі пчаляр» Анастасія Хаўрук, у Беларусі самы актыўны перыяд для пчаляроў — май і чэрвень, калі квітнее рапс, але сёлета ў гэты час былі замаразкі і дажджы.

Ёсць яшчэ адзін момант: больш кароткі сезон. “Цяпер сезон скончаны адназначна, прычым з вельмі дрэннымі вынікамі. Бывалі гады, калі мы на пчальніку адпампоўвалі мёд у сярэдзіне верасня. Але сёлета мёду ў пчол вельмі мала, некаторыя сем’і нават галадаюць”, – кажа экспертка.
Сёлета на кірмашы цана будзе каля 20 рублёў за кілаграм.
Беларусь увайшла ў тройку экспарцёраў рапсавага алею ў Кітай
Па выніках першага паўгоддзя Беларусь трапіла ў топ-3 краін — пастаўшчыкоў рапсавага алею ў Кітай у грашовым вымярэнні. Беларускія прадпрыемствы прадалі рапсавага алею ў гэту краіну на суму 173 мільёны даляраў, паведамляе Office Life. Лідар па пастаўках на кітайскі рынак — Расея на $685 мільёнаў, што з’яўляецца адным з найвышэйшых паказчыкаў за ўсю гісторыю. На другім месцы — Беларусь, далей ідуць Канада, ААЭ і Францыя.
Вытворчасць рапсавага алею ў Беларусі дасягае 57—58 тысяч тон у год, з якіх каля 20 тысяч тон ідзе на ўнутраны рынак. Беларускі прадукт экспартуецца больш чым у 10 краін.
Белстат назваў рэгіёны Беларусі з самымі высокімі заробкамі
За мінулы год заробкі беларусаў павялічыліся на 13,1%. У чэрвені сярэдні заробак склаў 2717,8 рубля і вырас на 9,6%, піша OfficeLife са спасылкай на Белстат.
Самы высокі заробак — у Менску: 3598,2 рубля, а самы нізкі — у Віцебскай вобласці: 2289,1 рубля.
У топ-5 раёнаў з самым высокім сярэднім заробкам увайшлі Астравецкі, Менскі, Салігорскі, Дзяржынскі і Рэчыцкі. Сярэдні заробак там вагаецца ад 2,9 да 3,4 тысячы рублёў. Што тычыцца раёнаў з самым нізкім сярэднім заробкам, у топ-5 трапілі Шаркаўшчынскі, Расонскі, Міёрскі, Брагінскі і Дрыбінскі. У гэтых раёнах сярэдні заробак не перавышае 2 тысяч рублёў.
Польскі рынак нерухомасці набірае абароты
У ліпені забудоўшчыкі Польшчы пачалі будаўніцтва больш як 11,9 тыс. кватэр — супраць 8,8 тыс. у тым жа месяцы летась. Таксама забудоўшчыкі атрымалі рэкордныя ў гэтым годзе 16,8 тыс. дазволаў на будаўніцтва, паведамляе Puls Biznesu. Паводле дадзеных, тэмпы інвестыцый выраслі на 35%. У сямі найбуйнейшых польскіх агламерацыях у ліпені прадалі больш за 4 тысячы новых кватэр. Кампаніі адзначаюць паступовае ажыўленне попыту.
Эксперты падкрэсліваюць, што сённяшні рынак характарызуецца супярэчлівымі тэндэнцыямі. З аднаго боку, узмацняецца канкурэнцыя паміж забудоўшчыкамі, а з другога — з’яўляецца перспектыва паляпшэння даступнасці крэдытаў, што можа падтрымаць далейшы рост попыту.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






