Кошт золата наблізіўся да ўзроўню $5 тысяч за ўнцыю, сведчаць даныя таргоў на біржах. Па меркаванні аналітыкаў, золата працягвае даражэць на фоне росту попыту на актывы ў кантэксце сітуацыі вакол Грэнландыі.

У 2025 годзе золата паказала найбольшы рост за больш чым 60 гадоў — яго кошт вырас на 64%.
У сваю чаргу срэбра наблізілася да адзнакі $100 за ўнцыю. За апошнія 12 месяцаў срэбра падаражэла больш як на 190%. На думку аналітыкаў, на рынку срэбра на працягу ўсяго бягучага года захаваецца дэфіцыт, у першую чаргу з-за павышанага інвестыцыйнага попыту.
У Шчучынскім раёне выяўлены падзёж жывёлы
Падзёж буйной рагатай жывёлы выявілі ў адной з гаспадарак Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці, паведаміла прэс-служба МУС.
Паводле ведамства, 38-гадовы дырэктар арганізацыі ігнараваў шматлікія заўвагі наглядных органаў пра ліквідацыю недахопаў. У выніку халатнасці загінула 728 галоў жывёлы, пры гэтым больш за палову складаў маладняк.
Шкода ацэньваецца прыкладна ў 1 млн рублёў. У дачыненні да службовай асобы пракуратура распачала крымінальную справу.
Авіярэйс у Калінінград могуць запусціць з Гародні
Беларусь і кіраўніцтва Калінінградскай вобласці Расеі абмяркоўваюць магчымасць адкрыцця новага паветранага маршруту. Рэгулярныя рэйсы ў Калінінград хочуць арганізаваць з Гародні, піша Office Life.
На сёння дзейнічае прамы авіярэйс Калінінград – Менск. Цяпер Гародня завяршыла ўсе працэдуры па абнаўленні аэрапорта і хоча заняцца гэтым кірункам. Акрамя паляпшэння лагістыкі, мяркуецца, што запуск новага рэйса дасць магчымасць знізіць цэны для пасажыраў.
Еўропа ўсё больш залежыць ад ЗША
Цэны на газ растуць. Аналітыкі адзначаюць, што Еўропа ўсё больш залежыць ад амерыканскага газу. Каля 80% звадкаванага прыроднага газу, які паступае на еўрапейскія тэрміналы, паступае з ЗША, піша партал wnp.pl.
Цэны на прыродны газ у Еўропе дасягнулі найвышэйшага ўзроўню з чэрвеня мінулага года. Два асноўныя фактары абумоўліваюць рост: рэкордна нізкія тэмпературы на кантыненце і пытанне бяспекі паставак са Злучаных Штатаў.
Да прыкладу, яшчэ ў снежні цана на газ у шэрагу еўрапейскіх краін складала менш за 30 еўра за МВт·г, а цяпер перавысіла 41 еўра.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц






