BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

ЦБС скардзіцца на праблемы беларусаў з банкаўскімі рахункамі ў Польшчы

Цэнтр беларускай салідарнасці (ЦБС) звярнуўся да фінансавага амбудсмэна Польшчы ў сувязі з сістэмнымі адмовамі ў адкрыцці банкаўскіх рахункаў, з якімі сутыкаюцца грамадзяне Беларусі.

Як паведамляюць у ЦБС, ужо больш за месяц былыя палітвязні, вызваленыя 13 снежня 2025 года і якія цяпер знаходзяцца ў Польшчы, не могуць адкрыць банкаўскія рахункі ў польскіх банках.

Кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі ЦБС Вольга Дабравольская звярнулася з гэтай праблемай да фінансавага амбудсмэна Польшчы (Rzecznik Finansowy). У адказ амбудсмэн накіраваў афіцыйныя запыты ў тры буйныя польскія банкі — PKO BP S.A., Bank Millennium S.A. і Santander Bank Polska S.A.

У прыватнасці, амбудсмэн папрасіў банкі растлумачыць, ці можа часовае пасведчанне асобы замежніка служыць падставай для адкрыцця банкаўскага рахунку, а таксама ці існуе магчымасць увядзення спецыяльных працэдур, якія спрашчалі б доступ да банкаўскіх паслуг для грамадзян Беларусі, у тым ліку былых палітвязняў, што звяртаюцца па міжнародную абарону ў Польшчы.

Акрамя таго, фінансавы амбудсман звярнуўся да Саюза банкаў Польшчы з прапановай разгледзець магчымасць змены агульнай практыкі адкрыцця рахункаў для грамадзян Беларусі ў падобных сітуацыях.