ČEZ, вядучая чэшская энергетычная кампанія, заключыла кантракт на імпарт газу з Алжыра.
Як зазначаецца ў прэс-рэлізе кампаніі, новы маршрут, які праходзіць праз Туніс і Італію, забяспечыць газам каля 100 тыс. хатніх гаспадарак (2% гадавога спажывання) і зменшыць залежнасць краіны ад традыцыйных пастаўшчыкоў.
“Пасля двух гадоў напружаных перамоваў ČEZ заключыла кантракт з алжырскай кампаніяй Sonatrach”, – паведаміла кампанія.
Пастаўкі газу пачаліся ў кастрычніку бягучага года. Газ пастаўляецца з Алжыра праз Туніс, падводным трубаправодам на італьянскую выспу Сіцылія, а адтуль у мацерыковую Еўропу і Чэхію.
Генеральны дырэктар ČEZ Даніэль Бенеш разглядае гэты крок як узмацненне энергетычнай бяспекі краіны.