Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі правяло маніторынг цэн на агародніну на Менскім камароўскім рынку. У асобных выпадках кошт агуркоў і памідораў быў завышаны на 40%, паведамляе прэс-служба ведамства. Так, адзін з прадаўцоў з Пінскага раёна Берасцейскай вобласці прадаваў агуркі па 40 рублёў за кілаграм. Аналагічная цана была і на памідоры, піша Office Life.

Акрамя гэтага, адзін з суб’ектаў гаспадарання прадаваў прадукцыю без інфармацыі пра тое, калі яна была выраблена і якія ў яе тэрміны прыдатнасці. Пры гэтым некаторыя тавары прадаваліся ўжо са скончаным тэрмінам прыдатнасці.
У Беларусі хочуць часова забараніць вываз паперы і кардону
Часовае абмежаванне экспарту паперы і кардону (адходаў і макулатуры) плануецца ўвесці ў Беларусі. Мяркуецца, што вываз будзе забаронены на шэсць месяцаў. Адпаведныя нормы змяшчае пастанова Савета міністраў, праект якой вынесены на грамадскае абмеркаванне. Прычынай такіх абмежаванняў называецца рэзкі рост вывазу гэтай прадукцыі і дэфіцыт на ўнутраным рынку.
З ініцыятывай забароны выступіў канцэрн “Беллеспаперапрам”, які і вядзе абмеркаванне праекта дакумента. Свае прапановы і заўвагі можна пакінуць на прававым форуме Беларусі да 26 чэрвеня.
Беларускі бізнес добра сябе адчувае ў Белай Падляшскай
Не гледзячы на агульную тэндэнцыю змяншэння долі беларускіх кампаній у структуры польскай эканомікі, Белая Падляшская ўпэўнена захоўвае статус аднаго з галоўных цэнтраў беларускага прадпрымальніцтва за межамі радзімы. Аднак, як адзначаецца ў новым даследаванні Вадзіма Сяховіча, адносная доля Любліншчыны ў агульнапольскай карціне скарацілася амаль на паўтара працэнта да 6,6 працэнта ў пачатку бягучага года. Гэта сведчыць пра пераарыентацыю часткі бізнесаў на самыя дынамічныя рэгіёны краіны, перадусім Варшаву.
Дарэчы, на сёння з 497 зарэгістраваных у Люблінскім ваяводстве беларускіх кампаній 329 прыпадае на горад Белая Падляшская. Гэта робіць яго чацвёртым горадам па колькасці беларускіх бізнесаў у Польшчы — пасля Варшавы, Беластока і Уроцлава.
Польская авіякампанія LOT купляе новыя самалёты
Польская нацыянальная авіякампанія LOT падпісала найбуйнейшы ў гісторыі кантракт. За 11 млрд даляраў яна набудзе 84 рэгіянальныя самалёты A220 вытворчасці еўрапейскага канцэрна Airbus. Атрымаць гэты кантракт імкнуліся сярод іншых бразільскі Embraer і амерыканскі Boeing.
Спецыялісты ў галіне грамадзянскай авіяцыі пазітыўна ацэньваюць выбар LOT-у. Галоўны рэдактар парталу Rynek Lotniczy Лукаш Маліноўскі мяркуе, што дзякуючы самалётам Airbus парк авіякампаніі стане значна маладзейшым, а новыя самалёты – гэта не толькі новыя маршруты, але і ашчаднасць для кампаніі, у прыватнасці, з-за таго, што ім патрэбна менш паліва. Як піша polskieradio.pl, першыя замоўленыя самалёты будуць пастаўленыя польскай авіякампаніі ў 2027 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






