З 20 чэрвеня ў Беларусі ўведзены ўзмоцнены кантроль за цэнамі на мясамалочную прадукцыю і кандытарскія вырабы. Адпаведнае рашэнне прыняў Савет міністраў «у мэтах недапушчэння спекуляцыйнага і неабгрунтаванага росту цэн».

Цяпер рост цэн на больш як 0,3% у месяц патрабуе дазволу з боку спецыяльнай камісіі пры Савеце міністраў. Абгрунтоўваць перад камісіяй неабходна будзе рост не толькі цэн у крамах, але і сыравіны: малака, свіней, буйной рагатай жывёлы. Пад наглядам урада апынецца, такім чынам, увесь ланцужок — ад фермера да крамы.
У рознічным гандлі працягваюць дзейнічаць максімальныя гандлёвыя надбаўкі, якія таксама не могуць перавышацца без дазволу.
Пад санкцыі Новай Зеландыі трапілі яшчэ два беларускія прадпрыемствы
Новая Зеландыя пашырыла антырасейскія санкцыі, у спіс трапілі ў тым ліку і два беларускія прадпрыемствы. Інфармацыя апублікавана на сайце Міністэрства замежных спраў гэтай краіны. Так, пад санкцыі трапілі аршанскае ААТ “Завод Легмаш” і менскае “КБ Беспілотныя верталёты”, а таксама кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў. Акрамя беларускіх і расейскіх, у спісе таксама ёсць кампаніі з Ірана і Паўночнай Карэі.
З 2022 года, калі ў Новай Зеландыі ўступіў у сілу закон аб антырасейскіх санкцыях, у гэтыя спісы патрапілі больш за 1,7 тысяч асоб і кампаній з Расеі, Беларусі і іншых краін. Беларусь уключыла Новую Зеландыю ў лік «недружалюбных дзяржаў», для якіх устаноўлены павышаныя ўвазныя мытныя пошліны на шэраг тавараў.
Віцебская вобласць — аўтсайдар паводле тэмпаў развіцця
Па выніках студзеня — траўня Менская вобласць лідзіруе, а Віцебская — адстае паводле тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Найгорш справы на Віцебшчыне выглядаюць з інвестыцыямі ў асноўны капітал прадпрыемстваў, з увядзеннем у эксплуатацыю жылля, а таксама рэгіён чатыры разы займаў апошняе месца паводле росту валавога рэгіянальнага прадукту, прамысловай вытворчасці, аптовага тавараабароту і экспарту тавараў. Кепска таксама з дынамікай сельгасвытворчасці.
Дзе жывуць найбагацейшыя людзі планеты
У 2024 годзе сукупны дабрабыт хатніх гаспадарак па ўсім свеце павялічыўся на 4,6% у даляравым выражэнні. Самы высокі ўзровень сярэдняга дабрабыту насельніцтва захоўваецца ў Швейцарыі – $687,2 тыс. На 2-м месцы – ЗША ($620,7 тыс.).
Па медыянным узроўню багацця, які больш дакладна адлюстроўвае становішча “сярэдняга” жыхара, лідзіруюць Люксембург, Аўстралія і Бельгія.
Па рэгіянальным размеркаванні найбольш прыкметны прырост зафіксаваны ў краінах Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, дзе багацце вырасла на 11,4%. Істотныя тэмпы росту таксама зафіксаваны ў Даніі, Паўднёвай Карэі, Ірландыі, Польшчы, Швецыі і Харватыі. (myfin.by)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: vesti.az.