З агульнага аб’ёму імпарту Расеяй прадуктаў харчавання ў краіны ЕАЭС, які па выніках дзевяці месяцаў 2025 года склаў 6,2 мільярда даляраў, на Беларусь прыпадае 45%, і гэта першае месца па ўсім гэтым аб’яднанні, піша выданне «Беларусы і рынак». На другім месцы знаходзіцца Казахстан (42%), на трэцім — Кыргызстан (7%) і на чацвёртым — Арменія (5%).

За 9 месяцаў года экспарт у Беларусь расейскага харчавання перавысіў 2,8 мільярда даляраў, што на 27% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Асноўныя імпартныя пазіцыі, якія пастаўляюцца ў Беларусь з Расеі — гэта свініна, сланечнікавы алей, насенне рапсу, мучныя кандытарскія вырабы і корм для катоў і сабак.
Для абыходу санкцый Іран прапанаваў Беларусі дапамогу
Беларусь можа карыстацца партамі Ірана для гандлю з Індыяй, краінамі Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Так яна зможа абысці абмежаванні, накладзеныя міжнароднымі санкцыямі. Такую прапанову агучыў сакратар Вышэйшага савета свабодных і спецыяльных эканамічных зон Ірана Рэза Масрур падчас сустрэчы з кіраўніцай Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Беларусі Аленай Пярмінавай, піша Tehran Times.
Прадстаўнік Ірана назваў маршрут з Махачкалы ў Расеі да каспійскага порта Ірана калідорам, які можа адкрыць Беларусі доступ да мора. Праз Іран афіцыйны Менск можа забяспечыць экспарт сваіх калійных угнаенняў, сельскагаспадарчай прадукцыі ды іншых тавараў. А Беларусь можа пашырыць доступ Ірана да рынку Еўразійскага эканамічнага саюза.
Інфляцыя ў Беларусі з пачатку года — 6,5%
У Беларусі ў параўнанні са снежнем 2024 года цэны выраслі на 6,5%: харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 8,5%, нехарчовыя — на 2,8%, паслугі — на 7,7%. У гадавым вымярэнні (да лістапада мінулага года) цэны павялічыліся на 7%.
Перад Польшчай – перыяд эканамічнага росквіту
Перад Польшчай – перыяд эканамічнага росквіту, піша Rzeczpospolita, спасылаючыся на прагнозы Еўрапейскага фінансавага кангрэса. Паводле прагнозаў у 2026 годзе польская эканоміка вырасце на 3,7%, сёлета рост мае скласці 3,5%. Інфляцыя ў наступным годзе можа скласці 2,6% супраць 3,6% сёлета.
Асноўнымі рухавікамі росту, як чакаецца, стануць прыватнае спажыванне і інвестыцыі, якія сталі магчымымі дзякуючы вызваленню сродкаў Еўразвязу з Нацыянальнага плана адбудовы. У той жа час дзяржаўны доўг перавысіць 60% ВУП у гэтым годзе і можа дасягнуць 72% ВУП да 2028 года.
Беларускае Радыё Рацыя






