У мінулым годзе ў рэальны сектар беларускай эканомікі замежныя інвестары ўклалі 7 мільярдаў 700 тысяч даляраў.

Для параўнання: у пазамінулым годзе гэты паказчык быў на ўзроўні сямі мільярдаў, піша Office Life са спасылкай на дадзеныя Белстата. Прамыя інвестыцыі летась наблізіліся да шасці мільярдаў даляраў. Пры гэтым статыстыка не ўлічвае дадзеныя па банках, бюджэтных арганізацыях і небанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях.
Больш за ўсе ў беларускую эканоміку інвеставалі расейцы. На іх долю прыпадае амаль 70 працэнтаў усяго аб’ёму. На другім месцы – інвестары з Кіпра, у іх каля 15 працэнтаў.
АВВА і фонд BySol падпісалі мемарандум пра супрацоўніцтва
Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) і фонд BySol падпісалі мемарандум пра супрацоўніцтва. “Упэўненыя, што наш супольны досвед і падтрымка адзін аднаго дапамогуць нам працаваць яшчэ больш эфектыўна на карысць беларусаў і будучыні вольнай Беларусі!”, — гаворыцца ў рэлізе.
Супрацоўніцтва дзвюх ініцыятыў пачалася з Каляднага нэтворкінгу, на якім падчас дабрачыннага аўкцыёну сабралі больш за шэсць тысяч еўра. Грошы пайшлі на падтрымку палітвязняў. Цяпер дзве арганізацыі сумесна запусцілі дабрачынны збор для жанчын за кратамі, а 9 сакавіка, з нагоды Міжнароднага жаночага дня, рыхтуецца супольнае мерапрыемства, у межах якога пройдзе спецыяльны блок у падтрымку палітзняволеных беларусак.
Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой дапамагае сумленнаму бізнесу з беларускімі каранямі ў рэлакацыі, адкрыцці і развіцці ў дэмакратычных краінах. Фонд BYSOL займаецца эвакуацыяй беларусаў, якія знаходзяцца ў небяспецы, дапамагае палітзняволеным і іх сем’ям. (Позірк)
Беларусы ў лідарах па нелегальным працаўладкаванні ў Польшчы
У студзені польскія памежнікі праверылі законнасць працаўладкавання амаль трохсот іншаземцаў у Вармінска-Мазурскім ваяводстве, якое мяжуе з Калінінградскай вобласцю Расеі. Выявілася, што 57 іншаземцаў працавалі нелегальна, пры гэтым палова з іх – грамадзяне Беларусі. На другім месцы ідуць украінцы, на трэцім – грузіны. Адзначаецца, што ўладальнікі кампаній наймалі работнікаў з-за мяжы без дазволу, а таксама на ўмовах, адрозных ад тых, што пазначаныя ў дазволе. Прадпрымальнікі таксама не заключалі з іншаземцамі ніякіх дамоў. Пераважна нелегальна іншаземцы працавалі ў вытворчым сектары, на будоўлях, у сферы паслуг, турызму і гандлю.
Па выніку праверкі прадпрымальнікаў, якія выкарыстоўвалі нелегальную працу іншаземцаў, аштрафавалі агулам на 19 тысяч злотых. Ці ўжываліся санкцыі да нелегальных працаўнікоў – не паведамляецца, заўважае “Позірк”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: pixabay.com






