Як выглядае топ-100 найбуйнейшых кампаній з беларускім капіталам у Польшчы-2024 (рэйтынг вылічваецца па выніках 2023 года).

Тройка лідараў:
1. EPAM Systems (Poland) — найстарэйшы і найбуйнейшы IT-бізнес з беларускімі каранямі ў Польшчы. Ён знаходзіцца пад агульным кіраваннем экс-менчука і аднаго з найбуйнейшых акцыянераў матчынай кампаніі EPAM Systems Аркадзя Добкіна. У Польшчы ў структуру EPAM Systems (Poland) уваходзяць офісы ў пяці гарадах.
2. Polbilding s.k. – буйны трэйдар вугалю, коксу і хімічных прадуктаў з рэгістрацыяй у Зялёнай Гуры. Штогадовы абарот гэтага бізнесу, заснавальнікам якога з’яўляецца беларус Віталь Канцэвіч, складае каля 1 млн тон за год.
3. TRM Metals Polska — металатрэйдэр са штаб-кватэрай у Дубаі і філіялам у Катавіцах. Ягоны саўладальнік – Мікалай Пархоменка. (паводле «Люстэрка).
Дзе ў Беларусі больш за ўсё будуюць жылля?
У мінулым годзе ў Беларусі па агульным аб“ёме будаўніцтва жылля лідзіравала Менская вобласць. Там пабудавалі амаль 30 працэнтаў ад усіх квадратных метраў новага жылля. Гэта вынікае са звестак Белстата.
Агулам у краіне пабудавалі 4 мільёны 390 тысяч квадратных метраў жылля. Больш за палову склалі індывідуальныя жылыя дамы. У рэгіянальным аспекце за Менскай вобласцю, якая ў лідарах, ідуць: сам Менск і Берасцейская вобласць. Так, на Берасцейшчыне летась пабудавалі 660 тысяч квадратных метраў жылля. Найменш жылля паўстала на Віцебшчыне – 370 тысяч квадратных метраў.
Павялічыць ваенныя выдаткі да 5%: заклік да саюзнікаў па НАТА
ЗША настойваюць на тым, каб еўрапейскія краіны выдаткоўвалі не менш за 5% ВУП на абарону. Раней размова ішла пра 2%. Новы ўзровень дазволіць штатам сканцэнтравацца на прыярытэтах бяспекі ў іншых месцах і на сваіх уласных граніцах. Пры гэтым 3,5% сродкаў павінны ісці на асноўныя ваенныя выдаткі і 1,5% – на інфраструктуру, то бок дарогі, масты, аэрадромы і марскія парты, неабходныя для больш хуткага разгортвання войска.
Як заявіў генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ, большасць саюзнікаў падтрымліваюць гэтае патрабаванне і гатовы вылучыць такія сродкі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: dreamstime.com