Еўразвяз на мінулым тыдні ў рамках чарговага «ваеннага» пакета санкцый увёў «поўную забарону на транзакцыі» супраць чатырох беларускіх банкаў, раней ужо адключаных ад SWIFT: Белаграпрамбанка, Белінвестбанка, Дабрабыта, а таксама Банка развіцця.

У рэальнасці, кажуць банкаўскія інсайдары, гэта не ўплывае ні на што істотнае, бо сапраўды важныя дзяржаўныя кантракты абслугоўваюцца ў незакранутым санкцыямі банку.
Напрыклад, плацяжы трэціх краін за беларускі калій ідуць праз Беларусбанк. Як і за іншы — драбнейшы ў параўнанні з каліем — імпарт тавараў дзяржаўнай вытворчасці. Поўнай забароны на супрацоўніцтва з Беларусбанкам няма. У яго адкрытыя карэспандэнцкія рахункі ў многіх банках Еўразвяза і ў банках іншых еўрапейскіх краін.
Менск просіць у Расеі грошай
Менск вядзе з Крамлём перамовы аб прыцягненні расейскага фінансавання для беларускіх інвестыцыйных праектаў, рэфінансаванні існуючых даўгоў і прадастаўленні новых крэдытаў. Пра гэта міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў заявіў на палях Міжнароднай экалагічнай канферэнцыі ў Горна-Алтайску, піша БелТА.
Адным з прыярытэтных напрамкаў, паводле чыноўніка, застаецца падтрымка нафтаперапрацоўчай галіны і фінансаванне беларускага бюджэту. «Мы актыўна ўзаемадзейнічаем па фінансаванні як інвестыцыйных праектаў, так і прамога фінансавання. Вось гэтыя пытанні як раз і абмяркоўваюцца», – заявіў кіраўнік Мінфіна, не ўдакладняючы, пра якія сумы ідзе гаворка.
Махляры пераводзяць выкрадзеныя ў беларусаў грошы ў расейскія банкі
У другім квартале выкрадзеныя махлярамі ў беларускіх грамадзян грашовыя сродкі часцей за ўсё пераводзіліся на рахункі расейскіх банкаў — 47,2% ад усіх транзакцый, паведамілі ў Следчым камітэце Беларусі. У пяцёрку таксама ўваходзяць фінансава-крэдытныя ўстановы Славакіі і Узбекістана, Таджыкістана і Кыргызстана.
У красавіку — чэрвені ў вывадных ланцужках з’явіліся такія краіны як В’етнам, Ізраіль, Люксембург, Малайзія і Чылі. Часцяком зламыснікі ў сваёй дзейнасці прыкрываюцца вядомымі ў Беларусі брэндамі, такімі, як “Альфа-Банк“, “Белаграпрамбанк“, “Беларуснафта“ і “Белтрансгаз”. Аферысты, выкарыстоўваючы фэйкавыя акаўнты, часта выкарыстоўваюць і папулярныя пляцоўкі – сайт аб’яў “Куфар“, сацсетку “Інстаграм”, іншыя гандлёвыя платформы. Іх мэта – атрымаць ад патэнцыйнай ахвяры перадаплату.
У якім абласным цэнтры Беларусі самыя дарагія кватэры
У другім квартале ў абласных цэнтрах Беларусі продажы кватэр знізіліся на 16% у параўнанні з папярэднім кварталам, склаўшы 2,7 тысяч кватэр, піша Office Life. Самая дарагая здзелка была праведзена ў Берасці: кватэру плошчай 120 кв. м прадалі за 201 тысячу даляраў. Пры гэтым колькасць здзелак за другі квартал у параўнанні з першым знізілася ва ўсіх абласных цэнтрах за выключэннем Берасця.
Сярэдні кошт кватэр таксама вырас ва ўсіх абласных цэнтрах, а максімальна, адразу на 100 даляраў, у Гародні, дзе цяпер сярэдняя цана квадратнага метра складае 840 даляраў. Цана «квадрата» у Берасці – 1060 даляраў, гэта самы высокі паказчык сярод абласных цэнтраў.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: stroymasterkom.by.






