Абмежаванні ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі абмеркавала дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Партугалію з прэм’ер-міністрам гэтай краіны Луішам Мантэнегру, паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК).

Сярод іншага, палітыкі абмеркавалі пытанне санкцый, «у прыватнасці, тых, што тычацца беларускіх калійных угнаенняў». «Раней Партугалія была адной з краін, якая, паводле журналістаў, прапаноўвала змякчыць абмежаванні супраць гандлю ўгнаеннямі з Беларусі», – адзначаецца ў паведамленні. Ціханоўская заклікала Партугалію «надалей прытрымлівацца санкцыйнай палітыкі, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні».
Суд ЕЗ адмовіўся зняць санкцыі з кампаніі “Белавія”
Суд агульнай юрысдыкцыі ЕЗ у Люксембургу адмовіўся зняць санкцыі з кампаніі “Белавія”. “Пазоў адхілены. “Белавія” загадана аплаціць выдаткі”, — гаворыцца ў пастанове суда.
Беларуская авіякампанія трапіла пад санкцыі Еўразвязу ў 2021 годзе пасля прымусовай пасадкі ў Беларусі самалёта авіякампаніі Ryanair. Самалёт спалучэння Афіны-Вільня прымусова пасадзілі, нібыта ён быў замініраваны. Пасля пасадкі з яго борта знялі блогера Рамана Пратасевіча і яго сяброўку Сафію Сапегу.
Пасля гэтага ЕЗ забараніў самалётам беларускіх авіяперавозчыкаў карыстацца паветранай прасторай і аэрапортамі Еўрапейскага звязу.
Лукашэнку паказалі новыя айчынныя сякеры маркі “МТЗ-Horizont”
29 траўня Аляксандр Лукашэнка прыехаў у Воршу. Ён наведаў завод “Легмаш”, дзе запатрабаваў разам з прадукцыяй ВПК захаваць і нарошчваць выпуск тавараў мірнага прызначэння. Як паведамляецца, Лукашэнку паказалі новыя айчынныя сякеры. Наколькі можна меркаваць па лэйблах на іх, прадукцыя выпушчаная ў супрацоўніцтве заводаў МТЗ і “Гарызонт”.
Лукашэнка ўсё адно заявіў, што незадаволены працай прадпрыемства. Ён даручыў віцэ-прэм’еру Пятру Пархомчыку арганізаваць выраб прадукцыі для адпаведнай прамысловасці, а Камітэту дзяржкантролю – весці кантроль.
Крызіс цытрусавых
Вытворцы апельсінавага соку шукаюць альтэрнатыўную садавіну для падрыхтоўкі папулярнага напою. Адбываецца гэта на фоне рэкорднага росту цэн на цытрусавыя, піша Financial Times.
Ф’ючарсы на апельсінавы сок даражэюць з 2022 года. Віной таму ўраганы і рэзкае пахаладанне ў Фларыдзе, якая лічыцца галоўным вытворцам апельсінавага соку ў ЗША, дзе ўраджай упаў да самага нізкага роўню амаль за 80 гадоў. У той жа час у Бразіліі, якая з’яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам апельсінавага канцэнтрату, выпуск сыравіны скараціўся на чвэрць. У гэтай краіне апельсінавыя гаі пацярпелі ад засухі і пазелянення цытрусавых, або “хваробы жоўтага дракона”.
У траўні рост цэн на апельсінавы сок рэзка павялічыўся, ён стаў амаль удвая вышэй за леташнія паказчыкі. Сітуацыю ўжо ахрысцілі крызісам. (Office Life)
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота прэс-службы Ціханоўскай.






