Святлана Ціханоўская сустрэлася з генеральным дырэктарам польскага банка PKO Bank Polski Шыманам Мідэрай на палях Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе. Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі праблемы, з якімі сутыкаюцца грамадзяне Беларусі пры адкрыцці банкаўскіх рахункаў у Польшчы, паведаміў Офіс Святланы Ціханоўскай.

Шыман Мідэра адзначыў, што банк імкнецца падтрымліваць беларусаў, а існуючыя абмежаванні звязаныя не з унутранай палітыкай PKO, а з новымі рэгуляцыямі Еўрапейскага саюза, уведзенымі ў сувязі з вайной. Паводле яго слоў, гэтыя меры накіраваныя на закрыццё магчымасцяў для абыходу санкцый супраць Беларусі і Расеі.
Падчас размовы абмяркоўваліся складанасці з адкрыццём рахункаў для беларусаў, якія пакуль не маюць віду на жыхарства або дазволу на працу ў Польшчы, а таксама для тых, у каго скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта. Святлана Ціханоўская прапанавала разгледзець магчымасць увядзення выключэнняў для грамадзян Беларусі, аднак адзначыла, што гэта патрабуе дадатковых кансультацый з еўрапейскімі рэгулятарамі.
Акрамя таго, бакі закранулі пытанні падтрымкі малога беларускага бізнесу і магчымасць правядзення сумесных мерапрыемстваў.






