BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Чорныя лебедзі” беларускай эканомікі ад прэм’ера Турчына

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын назваў галоўныя рызыкі для эканомікі. У эфіры “Першага інфармацыйнага” тэлеканала ён расказаў, што ў беларускай эканоміцы цяпер даволі шмат рызыкаў. Гэта і санкцыйны ціск, і праблемы ў знешнім гандлі.

Пры гэтым, па словах Турчына, цяпер галоўнае, што мы жывём у эпоху “чорных лебедзяў”. Які “чорны лебедзь” з’явіцца заўтра, “вельмі складана спрагназаваць”.  Чыноўнік лічыць, што на гэтым фоне галоўная задача – устойлівае функцыянаванне эканамічнага механізму, які мог бы аператыўна рэагаваць на любыя выклікі, адаптавацца і забяспечваць устойлівы эканамічны рост, піша Office Life.

Аналітыкі спрагназавалі інфляцыю ў Беларусі

У Беларусі ў бліжэйшыя месяцы інфляцыя застанецца на ўзроўні каля 5,5%. Такі прагноз далі аналітыкі Еўразійскага банка развіцця. Па выніках лютага гадавая інфляцыя склала 5,6%, у студзені было 5,2%.

Рост цэн закрануў усе асноўныя кампаненты спажывецкага кошыка: цэны на харчовыя тавары выраслі на 6,7% года да года, нехарчовыя – на 3,5%, а на паслугі – на 6,5%. Акурат з пачатку года адбылося павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

У Беларусі з’явіцца новая вытворчасць мыла і мыйных сродкаў

Новае прадпрыемства пабудуюць на пляцоўцы, якая раней належала РУП “Гроднатэкстыль”. Займацца праектам будзе кампанія “Сучасная гігіена”, зарэгістраваная толькі ў канцы снежня. На мінулым тыдні гэта кампанія стала рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны “Гродна”. Агульная плошча прамысловага аб’екта – каля 30 тыс. кв. метраў.

На новым прадпрыемстве створаць 49 працоўных месцаў. Тут плануюць вырабляць санітарна-гігіенічную прадукцыю з інавацыйных матэрыялаў. Яе будуць прадаваць на ўнутраным рынку і пастаўляць у краіны блізкага замежжа. Як заўважае Office Life, аб’ём інвестыцый у праект не называецца. Запусціць вытворчасць плануецца ў 2026 годзе.

На БМЗ прызнаюць, што давялося знізіць вытворчасць

На Беларускім металургічным заводзе прызнаюць, што пачатак  года для яго склаўся не проста. На знешніх рынках утварыўся сур’ёзны прафіцыт вытворчасці сталі і яе рэалізацыі, а вялікая канкурэнцыя выклікала прыкметнае зніжэнне цэн у канцы мінулага года, і гэтая тэндэнцыя захоўваецца сёлета. Пра гэта на сустрэчы з працоўным калектывам гаварыў гендырэктар Дзмітрый Корчык. Па словах Корчыка, цяпер завод рэалізуе “маштабны комплекс мер па скарачэнні выдаткаў, ідзе пошук спосабаў зніжэння сабекошту прадукцыі”.

Як прыгадвае “Еўрарадыё”, БМЗ мае дачыненне да выпуску ваеннай прадукцыі для Расеі.

Новая тэндэнцыя на польскім рынку жылля

На польскім рынку жылля назіраецца цікавая тэндэнцыя – забудоўшчыкі ўсё часцей рэалізуюць інвестыцыі за межамі вялікіх гарадоў.

Яшчэ дзесяць гадоў таму 60 працэнтаў новабудоўляў паўставала ў мегаполісах, сёння гэты працэнт знізіўся да 33 працэнтаў. Галоўная прычына, вядома, кошт – нерухомасць па-за буйнымі гарадамі часта каштуе ў разы танней, што падштурхоўвае пакупнікоў шукаць жыллё за межамі людных цэнтраў. Гэта з’ява можа ў доўгатэрміновай перспектыве паўплываць на горадабудаўніцтва і развіццё прыгараднай інфраструктуры, піша Puls biznesu.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: “Наша Ніва”