BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чым абернецца “справядлівае цэнаўтварэнне” для беларускай эканомікі?

Урад распрацоўвае формулу “справядлівага цэнаўтварэння”. Такую задачу яму паставіў Аляксандр Лукашэнка. Абмяркуем гэта з Госцем Рацыі – палітыкам і бізнес-блогерам Аляксандрам Кныровічам.

РР: Які настрой перад навагоднімі святамі?

Аляксандр Кныровіч: Вельмі добры, нягледзячы на тое, што адбываецца і ў эканоміцы, і цалкам у жыцці. Але ўсё ж такі гэта святы. І заўсёды ёсць надзеі на некаторыя перамены да лепшага.

РР: Урад распрацоўвае формулу “справядлівага цэнаўтварэння”. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Менску. Як гэта можна зразумець?

Аляксандр Кныровіч: Гэта можна зразумець адзіным чынам – гэта вяртанне на 25 гадоў таму. Калісьці ў нас ужо было такое “справядлівае цэнаўтварэнне” паводле Лукашэнкі. Калі вы памятаеце, раней у нас усе цэны ўзгадняліся з выканкамам. Там быў разлік сабекошту плюс некаторая нацэнка. У 2008 годзе адмовіліся ад гэтай сістэмы. І праз 16 гадоў наш урад нічога іншага не прыдумаў. І канешне мы разумеем, што гэта цалкам эрзац нейкай савецкай сістэмы, які прыводзіць заўсёды да таго, што няма ніякіх стымулаў, ніякіх сэнсаў у тым, каб распрацоўваць інавацыйную прадукцыю, бо на яе немагчыма зарабіць, каб прадаваць некаторыя тавары не такога вялікага попыту. Напрыклад, такое ж становішча будзе з такім простым таварам, як біжутэрыя. На яго заўсёды вялікая нацэнка, але шмат чаго не прадаецца, ідзе ў адкіды. Таму гэтая сістэма будзе не новая, будзе ізноў эрзац савецкай сістэмы, ізноў ён будзе наносіць вялікую шкоду беларускай эканоміцы, як зараз наносіць гэтае рэгуляванне. Апошні прыклад – забарона на вываз бульбы з Беларусі ў бок Расеі. Ну гэта вынік той самай працы, якую ўжо шмат гадоў праводзіць наш таварыш Багданаў, для мяне гэта герой нашага часу, які дасягнуў мэты, дабіўся таго, што нельга вывозіць бульбу з Беларусі.

РР: Які гэта ўвогуле падыход да эканомікі: камуністычны, посткамуністычны, лукашэнкаўскі асобны, сацыял-дэмакратычны, рынкавы?

Аляксандр Кныровіч: На нейкіх тэарэтычных падставах гэта быў бы, канешне, сацыялістычны падыход да эканомікі. Гэта такія намаганні ўсё спланаваць. І гэта быў бы сацыялізм, калі б не некалькі “але”. Па-першае, палова эканомікі ўсё ж такі прыватная. Яна кіруецца сваімі асабістымі меркаваннямі. І дзякуючы гэтаму ў нас усё ж такі зараз заробак вышэйшы за 600 даляраў, а не 350 у сярэднім. І па-другое, Савецкі Саюз – гэта была, канешне, імперыя зла. Краіна, у якой трэба было трымаць людзей за дротам. Але ўсё ж такі там быў велізарны навуковы эканамічны апарат. Нічога гэтага ў Беларусі няма. Таму гэта такая савецкая сістэма, але яна толькі падобная да яе. Гэта ўсё ж такі эрзац, кіч, карга-культ савецкай сістэмы. Напэўна, гэта будзе найбольш дакладна. Гэта карга-культ савецкай эканомікі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя