Чыноўнікі прыдумалі, як павялічыць грашовыя паступленні ў эканоміку рэгіёнаў. Так, старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзіслаў Татарыновіч прапануе ўвесці легалізацыю самавольна занятых зямельных участкаў. З такой прапановай Татарыновіч выступіў падчас абмеркавання прагнозных дакументаў на 2026 год і сярэднетэрміновы перыяд.

Нагадаем, у Беларусі з 2022 года дзейнічае зямельная амністыя, якая дазваляе без штрафу ўзаконіць раней самавольна занятыя землі. Раней яе падоўжылі да 2028 года. Але ў некаторых выпадках прайсці такую амністыю немагчыма праз парушэнні. Магчыма, гаворка ідзе пра легалізацыю такіх сітуацый, піша “Люстэрка”.
З 1 чэрвеня падаражэюць некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі
З 1 чэрвеня ў Беларусі падаражэюць некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі. Сярод іх — ацяпленне і падагрэў вады. Яшчэ адна паслуга, якая можа стаць даражэйшай з пачатку лета, — электрычнасць пад абаграванне жылля, аднак канчатковае рашэнне па ёй пакуль не прынятае. Пра гэта журналісту “Люстэрка” як спажыўцу паведамілі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ).
У Беларусі з 1 студзеня ўказам Аляксандра Лукашэнкі паднялі многія тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Сярод іншага падаражанне закранула электраэнергію. Пры гэтым тарыфы, якія датычаць абагравання жылля, могуць вырасці таксама з чэрвеня, гаворыцца ў дакуменце. Але канчатковае рашэнне будзе залежаць ад сітуацыі з інфляцыяй і даходамі насельніцтва.
“Беларуськалію” пагражае штраф за злоўжыванне дамінуючым становішчам
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю вынесла папярэджанне “Беларуськалію”. Чыноўнікі абвінавацілі прадпрыемства, што яно скарысталася дамінуючым становішчам на рынку аптовай рэалізацыі мінеральнага канцэнтрату — галіту. “Беларуськалій”, як кажуць у ведамстве, усталяваў дыскрымінацыйныя ўмовы па аб’ёму адгрузкі тавару. Гэта і стала нагодай для папярэджання, піша “Еўрарадыё”.
У ведамстве адзначаюць, што папярэджанне — гэта прэвентыўная мера. Калі прадпрыемства выканае ўсе ўмовы, прапісаныя ў папярэджанні, антыманапольнае расследаванне спыняецца. У іншым разе МАРГ пагражае адказнасцю, то бок штрафам ад 21 тысячы рублёў і да больш як 3 мільёнаў.
Рынак нерухомасці ў Польшчы расце
У першым квартале кошт інвестыцыйных здзелак на польскім рынку нерухомасці склаў 600 мільёнаў еўра, гэта ў два разы больш, чым у аналагічным перыядзе папярэдняга года — гаворыцца ў аналізе Colliers. Эксперты адзначаюць, што назіраецца змена настрояў інвестараў на сусветных рынках камерцыйнай нерухомасці. Ва ўмовах геапалітычнай напружанасці, тарыфаў і гандлёвых праблем еўрапейскія краіны пашыраюць супрацоўніцтва і інвестыцыі, што станоўча ўплывае на сектар нерухомасці.
У рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы лідарам па аб’ёме інвестыцый была Чэшская Рэспубліка з 1,5 мільярдамі еўра. Польшча заняла другое месца, і вылучаецца ў рэгіёне сваім прагназаваным эканамічным ростам — на ўзроўні 2,9% у бягучым годзе. Акрамя таго, зніжэнне працэнтных ставак, ініцыяванае Нацбанкам Польшчы, пазітыўна ўплывае на рынак, піша “Польскае радыё”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: Mirt Alexander / Shutterstock / FOTODOM






