Да сельгасработ прадпрыемства «Александрыйскае», якое Аляксандр Лукашэнка называў сваім полем, прыцягваюць вайскоўцаў МУС. «Люстэрка» звярнула ўвагу, што чысты заробак кампаніі ў апошнія два гады рэзка вырас. Акрамя гэтага, прадпрыемства атрымлівае дзясяткі мільёнаў падтрымкі з бюджэту, але, відаць, не плаціць падатак на прыбытак. Летась выручка ад продажу тавараў і паслуг «Александрыйскага» склала 105 млн рублёў. «Іншыя даходы» – 38 млн рублёў. «Александрыйскае» фактычна належыць Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі.

Агулам паведамляецца, што Мінабароны накіравала на ўборку ўраджаю вайскоўцаў ВПС і СПА, а таксама “дзясяткі адзінак ваеннай тэхнікі” ў розных рэгіёнах Беларусі.
Беларусь хоча павялічыць пастаўкі тэхнікі ў Якуцію
Асноўнымі напрамкамі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Рэспублікі Саха (Якуція) на бліжэйшую перспектыву з’яўляецца пашырэнне наменклатуры ўзаемных паставак, паглыбленне прамысловай кааперацыі і нарошчванне інвестыцый”, заявіў міністр эканомікі Юрый Чабатар.
“Мы прапануем павялічыць пастаўкі трактароў МТЗ, пагрузчыкаў “Амкадор”, “БелАЗаў”, а таксама іншай тэхнікі і абсталявання, — сказаў чыноўнік. Як прыгадвае “Позірк”, у дачыненні да ўсіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, прадукцыю якіх Чабатар прапануе пастаўляць у Якуцію, уведзеныя заходнія абмежавальныя меры.
Справіцца з імпартам не атрымліваецца
Доля тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным тавараабароце прадаўжае заставацца на мінімуме за 20 гадоў. Па выніках шасці месяцаў на беларускія тавары, паводле звестак Белстата, прыпадае 54,6%. Год таму гэты паказчык складаў 57,9 працэнта.
Пры гэтым у II квартале гэтага года, па дадзеных МАРГ, атрымалася “выйсці на станоўчую дынаміку” продажу айчынных тавараў. У гэтым годзе перад урадам стаіць амбіцыйная задача павялічыць долю беларускага ў рознічным тавараабароце да 63%, піша выданне «Беларусы і рынак».
Попыт на аблігацыі ў свеце перавысіў пяцігадовы максімум
За мінулы тыдзень інвестары ўклалі ў сусветныя фонды аблігацый амаль $26 млрд. Гэта абсалютны рэкорд за пяць апошніх гадоў. Як піша Forbes, інвестары спрабуюць зафіксаваць даходнасць на фоне зніжэння працэнтных ставак у большасці юрысдыкцый.
Сярэдняя працэнтная стаўка ў свеце за апошнія 12 месяцаў знізілася з 4,8 да 4,4%. Таму інвестары пераходзяць з грашовага рынку на аблігацыйны, дзе прыбытковасць фіксаваная. Акрамя таго, за апошнія тры месяцы ў свеце акцыі падаражэлі, што таксама “на руку” аблігацыйным фондам.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: тэлеграм-канал “Унутраныя войскі МУС”.






