BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Даходы «Мак.бай» у мінулым годзе рэзка павялічыліся

У Беларусі былы «Макдональдс» у 2024 годзе паказаў добрыя фінансавыя вынікі. Пра гэта журналісты «Люстэрка» даведаліся з фінансавай справаздачы, дасяжнай на сэрвісе «Картатэка».

Сетка рэстаранаў «Мак.бай» зарабіла 188,7 мільёна рублёў, што на траціну больш, чым было год таму. Год таму гэты паказчык наадварот падаў — на 22% у параўнанні з папярэднім. Летась у кампаніі працавала 1722 чалавекі.

У чэрвені мінулага года ў кампаніі змяніўся ўладальнік. Сетка рэстаранаў стала належаць двум беларусам — Аляксею Саўчуку і Вікторыі Данько. Саўчук валодае малакаперапрацоўчымі заводамі ў Беларусі і Расеі і ўваходзіць у топ-30 паспяховых беларускіх бізнесменаў.

Продажы новых цяжкіх грузавікоў МАЗ у Расеі ў сакавіку ўпалі

Продажы новых цяжкіх грузавікоў МАЗ у Расеі ў сакавіку ўпалі на 33% і склалі 292 адзінкі. Доля на рынку складае 8%. На першым месцы па продажах знаходзіцца расейскі КАМАЗ, затым ідуць кітайскія брэнды, а замыкае ТОП-5 — МАЗ.

Дарэчы, летась кепска ў МАЗа ішлі справы з продажам аўтобусаў у Расеі. Яны абрынуліся на 45,5%: калі ў пазамінулым годзе прадалі 925 новых аўтобусаў, то летась — толькі 504. Адначасова з гэтым кітайскія аўтобусы выцясняюць беларускія МАЗы і на ўнутраным рынку. Так, у пачатку года гарадзенскія перавозчыкі купілі кітайскія аўтобусы для маршрутаў Менск–Гародня і Менск–Слонім, а вясной дзяржаўны футбольны клуб “Віцебск” таксама набыў новы кітайскі аўтобус. Пры гэтым, заўважае “Еўрарадыё”, МАЗ у Менску пабудаваў новы завод па вытворчасці аўтобусаў.

Сацыяльнае жыллё на месцы былых ваенных палігонаў

У Менску скончыліся вялікія пляцоўкі для будаўніцтва новага жылля, вынікае з заяў старшыні Менгарвыканкама Уладзіміра Кухарава ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1. “Сёння ўжо трэба усведамляць, што такія глабальныя будаўнічыя пляцоўкі, як Каменная Горка, Брылевічы, Лошыца, адсутнічаюць у горадзе. Мы гэта цудоўна разумеем і працуем кропкава па пляцоўках, на зносе існуючага жылля працуем”, — сказаў Кухараў. Аднак такі варыянт, паводле яго слоў, не дае ўстойлівай упэўненасці ў забеспячэнні сацыяльных абавязацельстваў перад горадам, перадае яго словы “Позірк”.

“У нас ёсць абавязацельствы па будаўніцтве сацыяльнага жылля. Для шматдзетных, арэнднае жыллё — вельмі важны кірунак”, — адзначыў чыноўнік. У сувязі з гэтым Кухараў паведаміў, што прапанаваў Лукашэнку ажыццявіць паступовую забудову былых ваенных палігонаў.

Кошт золата пераадолеў псіхалагічную адзнаку

Золата чарговы раз абнавіла максімум, перавысіўшы $3300 за тройскую ўнцыю. Па дадзеных нью-ёркскай біржы Comex, метал падаражэў амаль на 3%. Як лічаць аналітыкі Bloomberg, новы рэкорд кошт золата паставіў на фоне заяў Дональда Трампа аб неабходнасці ўвядзення пошлін на крытычна важныя мінералы. Збольшага рост цаны на метал можа быць злучаны і з дэфіцытам прапановы.

На фоне скупкі золата трэйдарамі і банкамі і складанай геапалітычнай абстаноўкі цэны на золата сёлета паставілі ўжо некалькі рэкордаў.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: yandex.by/maps.