BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дэфіцыт знешняга гандлю – амаль 6 мільярдаў даляраў

Беларускі статыстычны камітэт апублікаваў дадзеныя пра знешні гандаль таварамі за 11 месяцаў 2025 года. З лічбаў вынікаў, што імпарт тавараў у Беларусь перавысіў экспарт амаль на шэсць мільярдаў даляраў. Такім чынам дэфіцыт знешняга гандлю таварамі вырас амаль на сорак працэнтаў год да года.

Забарону на тавары Škoda, Nivea і Liqui Moly прадоўжылі

Забарону на тавары Škoda, Nivea і Liqui Moly прадоўжылі да канца 2027 года. Такое рашэнне прыняў Савет міністраў РБ.

Упершыню забарону ўвялі ў красавіку 2021 года. Спачатку гэтыя тры кампаніі адмовіліся спансіраваць Чэмпіянат свету па хакеі, калі ён будзе праходзіць у Беларусі. У выніку Менск пазбавілі права праводзіць чэмпіянат. У адказ рэжым увёў забарону на ўвоз і продаж тавараў гэтых кампаній.

За год даляр патаннеў на 16,5 працэнта

За год даляр у Беларусі патаннеў на 16,5 працэнта, еўра — на тры працэнты, расейскі рубель вырас на 10,7 працэнта, кітайскі юань апусціўся на 14,6 працэнта.

Транзіт беларускіх угнаенняў Літва будзе ўзгадняць з суседзямі

Лідары Польшчы і Латвіі запэўнілі Літву, што будуць прытрымлівацца агульнай пазіцыі наконт магчымага экспарту ўгнаенняў з Беларусі праз іх тэрыторыі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Злучаныя Штаты ў снежні анансавалі зняцце санкцый на беларускія ўгнаенні ўзамен на вызваленне больш як 100 палітвязняў у Беларусі. Адпаведныя санкцыі ЕЗ працягваюць дзейнічаць. Тым не менш актывізаваліся размовы пра магчымае аднаўленне транзіту беларускіх угнаенняў праз порты Літвы.

Транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву быў прыпынены 1 лютага 2022 года.

У Польшчы ўводзяць новыя правілы разліку працоўнага стажу

З 1 студзеня ў Польшчы ўступаюць у сілу новыя правілы разліку працоўнага стажу. Напрыклад, у стаж будуць улічвацца таксама дэкларацыі аб даручэнні працы, а таксама час, прызначаны на вядзенне ўласнага бізнесу. Гэта дазваляе супрацоўнікам атрымаць дадатковыя 6 дзён адпачынку і іншыя льготы ад свайго працадаўцы, кажа намеснік міністра па справах працы, сям’і і сацыяльнай палітыкі Себасціян Гаеўскі:

Нагадваю, працоўны стаж уплывае, у тым ліку, на памер водпуску, працягласць тэрміну перад звальненнем з працы, памер сродкаў па выслузе гадоў. Да гэтай пары пры разліку працоўнага стажу пад увагу бралася ў асноўным дамова аб працы і служба ў некаторых сілавых структурах. Цяпер мы ставім знак роўнасці паміж кожнай працай.

Пачынаючы з 1 студзеня 2026 года, змены будуць распаўсюджвацца на дзяржаўны сектар, прыватныя працадаўцы маюць час да 1 траўня 2026 года.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.