Грузавікам з Польшчы, Літвы і Латвіі нельга ўязджаць у Беларусь без навігацыйных пломбаў, за выключэннем асобных выпадкаў. Гэта вынікае з пастановы ўрада Беларусі, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале.

У асобных выпадках для фур, якія ўязджаюць з краін ЕЗ, прадугледжаны выключэнні. Навігацыйныя пломбы не трэба будзе ставіць, калі грузавікі дастаўляюць тавары ў Беларусь з Калінінградскай вобласці. Таксама гэтае патрабаванне не распаўсюджваецца на грузавікі, якія ўвозяць тавар праз беларуска-расейскі ўчастак мяжы, пры перавозцы міжнародных паштовых адпраўленняў і ў шэрагу іншых выпадкаў.
У Віцебскай вобласці прадаюць сядзібу ХІХ стагоддзя
У вёсцы Галошава Талачынскага раёна выставілі на продаж сядзібу XIX стагоддзя ўсяго за адну базавую, звярнуў увагу Realt.
Сядзібу ў Галошава ўзвялі ў 1897 годзе на месцы старой драўлянай пабудовы. Яна належала шляхетнаму роду Цюндзявіцкіх, якія пражылі тут 20 гадоў, а потым з’ехалі ў Польшчу. Па інфармацыі Realt, у хаце захоўвалася калекцыя партрэтаў, вырабаў з фарфору і срэбра. Агульная плошча будынка – 621 квадратны метр. Уласніку ў арэнду на 50 гадоў перададуць і ўчастак у 77 сотак. Новы ўладальнік зможа выкарыстоўваць зямельны ўчастак пад аграэкатурызм або для размяшчэння аб’ектаў культурна-асветніцкага прызначэння. Аўкцыён пройдзе 23 студзеня. Пачатковы кошт сядзібы складае адну базавую, якая з 1 студзеня вырасце да 45 рублёў.
У Беларусі запусцяць новы айчынны брэнд аўтамабіляў
У найбліжэйшы час у краіне з’явіцца новы беларускі брэнд аўтамабіляў ZUBR. Як піша Office life, машыны будуць збіраць на заводзе “Юнісон”.
На прадпрыемстве ўжо прымаюць замовы на аўто. На рынак плануецца выпусціць пяць мадэляў коштам ад 60 да 80 тысяч рублёў. Прататыпамі для машын сталі мадэлі адной з кітайскіх марак.
Што адбываецца з сеткай крамаў Carrefour у Польшчы?
Міністэрства сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі рэкамендуе Міністэрству дзяржаўнай маёмасці паглынуць польскую сетку французскіх прадуктовых крам Carrefour. Як кажа міністр сельскай гаспадаркі Стэфан Краеўскі, у выніку Нацыянальная харчовая група (KGS) будзе кіраўніком сеткі крам і зможа ўплываць на рынак, аддаючы перавагу польскім пастаўшчыкам. Польскія фермеры змогуць там прадаваць сваю прадукцыю, скараціўшы ланцужкі паставак. Падштурхнула да такой ідэі навіна аб продажы Carrefour.
Нацыянальная харчовая група ў цяперашні час мае пад сваім кіраваннем розныя кампаніі, у тым ліку цукровыя заводы і племянныя прадпрыемствы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: bvn.by.






