
У наступным годзе ўлады Беларусі робяць стаўку на інвестыцыі як драйвер эканамічнага росту. Урад рыхтуецца выдаткаваць мільярды долараў на стварэнне дзясяткаў новых вытворчасцяў і мадэрнізацыю старых. Ёсць, праўда, адна праблема, якую не вырашыш ніякімі мільярдамі інвестыцый. Пакуль урад будуе планы, як настроіць новых заводаў, на старых заводах усё больш не хапае людзей, піша “Беларусы і рынак”.
Сярод самых маштабных праектаў уладаў – гіганцкі завод халадзільнікаў і мадэрнізацыя цэментнай галіны. Другі цэлюлозна-кардонны камбінат і адкрыццё завода па вытворчасці аўтобусаў ды іншыя праекты. Пры гэтым, па дадзеных еўрапейскай статыстыкі, за апошнія чатыры гады толькі ў ЕЗ магло выехаць да паўмільёна беларусаў. Агульная колькасць свабодных вакансій увесь час расце і зараз складае каля 170 тысяч.
Беларусь павялічыла пастаўкі масла ў Расею
Са снежня мінулага года масла ў Расеі падаражэла на 25,7 працэнта пры інфляцыі ў 8,6%. Павелічэнне цэн выклікала хвалю крадзяжоў масла ў некаторых крамах.
Беларусь, як найбольшы пастаўшчык масла ў Расею, сёлета павялічыла яго пастаўку на расейскі рынак на 9% да 110 тысяч тон. Як паведаміла агенцтва Reuters, разам з тым Расея пачала набываць масла яшчэ ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і ў Турцыі, каб стрымаць рэзкае павышэнне цэн, што выклікала занепакоенасць на спажывецкім рынку.
У Лельчыцах збіраюцца разліваць айчынныя Spa і Perrier
У Лельчыцкім раёне знайшлі крыніцу ўльтрапрэснай мінеральнай вады, і таму мясцовыя ўлады нацэліліся стварыць вытворчасць па яе разліве, пішуць «Моцныя навіны». Мясцовыя ўлады падрыхтавалі інвестпраект «Стварэнне прадпрыемства па здабычы і разліве прыроднай натуральнай ультрапрэснай і дзіцячай пітной вады вышэйшай катэгорыі».
Пляцоўка, на якой хочуць стварыць вытворчасць, знаходзіцца больш чым за кіламетр ад Дуброўкі, якая адносіцца да зоны радыеактыўнага забруджвання. Аўтары праекта мяркуюць, што неабходна інвеставаць у справу каля 600 тысяч даляраў, а акупіцца ўсё гэта прыкладна ў 3,5 года.
Акрамя таго, у Лельчыцкім раёне хочуць пабудаваць лячэбна-турыстычны комплекс на аснове крыніцы ўльтрапрасных падземных вод.
Паркоўка ў Беластоку каштуе даражэй
З панядзелка (4 лістапада) паркоўка ў Беластоку значна падаражэла. Згодна з рашэннем уладаў горада, тарыфы за праезд павялічыліся амаль на 60 працэнтаў, пры гэтым больш вуліц апынуліся ў зоне самай дарагой платнай паркоўкі. Тарыф у больш таннай зоне B за першую гадзіну паркоўкі складае 2,80 злотых, было 1,6 злотых. У сваю чаргу, за першую гадзіну стаянкі ў зоне А трэба заплаціць 4,40 злотых.
Паводле прэзідэнта Тадэвуша Трускаляскага, гэта мае палепшыць сітуацыю з паркаваннем у цэнтры горада, але кіроўцы лічаць, што гэта не вырашыць сітуацыю. Праблема ў тым, што парковак па-просту не хапае.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: banki24.by






