Пасля 57 дзён рамонту уключаны ў сетку другі энергаблок БелАЭС. Пра гэта паінфармавала прэс-служба Міністэрства энергетыкі. У рамках рамонту “выкананая планавая замена часткі адпрацаванага ядзернага паліва на свежае”. Паведамляецца, што рамонтныя работы выконваліся персаналам БелАЭС з прыцягненнем адмыслоўцаў беларускіх і расейскіх арганізацый.

Нагадаем, узвядзенне БелАЭС ля Астраўца завяршылася ўвосень 2023 года. Станцыя пабудаваная паводле расейскага праекту, пераважна за кошт крэдыту РФ, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”. У сярэдзіне лістапада мінулага году стала вядома, што ўлады Беларусі маюць намер пабудаваць трэці энергаблок БелАЭС, але не адмаўляюцца і ад ідэі збудаваць другую атамную станцыю — ва ўсходняй частцы Беларусі.






