
У крамах бяспошліннага гандлю можна гандляваць буйной бытавой тэхнікай, мэбляй і іншымі буйнагабарытнымі таварамі. Такое рашэнне прыняла Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі. Да гэтага ў кропках Duty Free дзейнічала абмежаванне. Там нельга было прадаваць тавары, вага якіх перавышае 20 кілаграм, або грувасткія тавары. Адмену гэтага абмежавання лабіравалі беларусы яшчэ летам мінулага года.
Адначасова ЕЭК дазволіла гандляваць у крамах бяспошліннага гандлю Duty Free таварамі, якія абкладаюцца вывазнымі мытнымі пошлінамі. Але пры адной умове: яны павінны быць расфасаваны ў спажывецкую тару для рознічнага продажу як гатовыя вырабы.
У Берасці прадалі фабрыку, якая выпускала савецкіх матрошак
У Берасці з другой спробы прадалі з аўкцыёну былую фабрыку сувеніраў “Славянка”, якая калісьці была вядомая вытворчасцю савецкіх матрошак. Упершыню комплекс вытворчых будынкаў плошчай у 7670 квадратных метраў спрабавалі прадаць у снежні мінулага года. Але тады патэнцыйных купцоў адпужала цана – 2 мільёны 600 тысяч рублёў, або 835 тысяч даляраў па тагачасным курсе. На таргах, якія праходзілі цяпер, лот ішоў з 80%-ай скідкай, па 206 тысяч даляраў у эквіваленце. І за права валодаць ім змагаліся тры юрыдычныя асобы. Выніковы кошт склаў больш за 595 тысяч даляраў паводле курсу. Выйграла аўкцыён кампанія, якая займаецца продажам будаўнічых матэрыялаў, — піша onliner.by са спасылкай на арганізатараў аўкцыёну.
Фабрыка “Славянка” пачала працаваць у Берасці ў 1960-я гады. Тады там уручную стваралі, акрамя матрошак, навагоднія цацкі. Канчаткова фабрыка спыніла сваю працу ў 2020 годзе.
Аўтакрамы прыводзяць да страт
“Сітуацыя ў “Белкаапсаюзе” даволі складаная, усе віды дзейнасці, якая ажыццяўляецца, акрамя нарыхтоўчай і вытворчасці, стратныя”, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. І гэта не зважаючы на тое, што дзяржава аказвае падтрымку гэтай арганізацыі.
Найбольшыя праблемы звязаныя з аўталаўкамі – крамамі на колах, якія ездзяць па вёсках. Іх дзейнасць з’яўляецца стратнай, бо часам у вёсцы жыве каля дзясятка чалавек, а часам і адзін жыхар, вядома, што шмат прыбытку яны не даюць, але аўталаўкі надзвычай важныя для насельніцтва сельскай мясцовасці. Таму, пішуць дзяржаўныя медыя, старшыня “Белкаапсаюза” Інэса Караткевіч і звярнулася да ўрада з просьбай аб дадатковых мерах падтрымкі.
Польскі ўрад абяцае падтрымку сацыяльным работнікам
Сацыяльныя работнікі будуць атрымліваць дапамогу ў памеры 1000 злотых брута, паведаміў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск на прэс-канферэнцыі. Гэта закране каля 200 тысяч чалавек.
“У апошнія гады я сустракаўся з супрацоўнікамі і сацыяльнымі работнікамі ў польскіх самакіраваннях. Тут амаль 200 тысяч чалавек, у асноўным жанчыны, звычайна з вышэйшай адукацыяй. Гэта вельмі цяжкая праца, часам зневажальная”, – сказаў палітык. Паводле яго, сацыяльныя работнікі часта працуюць на мінімальны заробак і самі знаходзяцца ў цяжкім становішчы. Таму разам з Міністэрствам сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі падрыхтаваны адпаведны законапраект, які ўключае фінансавую дапамогу, і які павінен яшчэ падпісаць прэзідэнт Анджэй Дуда.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: polsha24.com.






