Заводу Geely у Беларусі ўжо не хапае месца на існуючай пляцоўцы, а таму зараз прапрацоўваецца пытанне аб будаўніцтве дадатковай вытворчай кропкі. Пра гэта ў інтэрв’ю парталу av.by распавёў кіраўнік «БЕЛДЖЫ» Генадзь Свідзерскі. Мяркуецца, што гэта будзе вытворчая кропка побач з заводам на прыкладзе Кітая, дзе вытворчыя пляцоўкі размяшчаюць побач з заводам. Свідзерскі таксама дадаў, што разам з кітайскімі партнёрамі было прынята рашэнне “больш агрэсіўна працаваць на беларускім рынку”. Тут брэнд павінен выйсці ў 2025 годзе на 30 тысяч прададзеных машын.

Дарэчы, у 2024 годзе Geely выпусціў у Беларусі 91,5 тысячу машын, з іх у Беларусі прадалі 25 тысяч, астатнія з’ехалі ў Расею.
У Беларусі выраслі зарплаты настаўнікаў і выкладчыкаў
Міністэрства адукацыі прыняло шэраг змяненняў у аплаце працы работнікаў сферы адукацыі. Так, з 1 студзеня заробкі настаўнікаў павысяцца на 39%, выхавацеляў дашкольнай адукацыі і памочнікаў выхавацеляў устаноў дашкольнай адукацыі – на 20%, выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання ўстаноў адукацыі – на 27%.
На 15 працэнтаў павялічыцца аплата працы прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу. Акрамя таго, для кіраўнікоў і спецыялістаў з іх ліку з’явяцца новая надбаўка за навукова-педагагічную дзейнасць у памеры 35 працэнтаў ад акладу для кандыдатаў навук і 55 працэнтаў ад акладу для дактароў навук. Таксама з пачатку года на 20% павысяцца заробкі сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў.
Фіца пагражае Украіне за спыненне паставак расейскага газу
Прэм’ер Славакіі прыгразіў скараціць дапамогу ўкраінскім уцекачам у адказ на спыненне паставак расійскага газу. Партыя Smer, лідарам якой з’яўляецца Роберт Фіца, разгледзіць пытанне аб спыненні паставак электраэнергіі ва Украіну, змяншэнні дапамогі ўкраінскім уцекачам, а таксама запатрабуе аднаўлення транзіту газу або кампенсацыі страт, якія, паводле слоў прэм’ера, Славакія панесла ў выніку спынення паставак расейскага газу, піша Радыё Свабода. Страты ён ацаніў у амаль 500 мільёнаў еўра. Пры гэтым у Славакіі ёсць альтэрнатыўныя крыніцы паставак газу.
Экспарт расейскага газу праз Украіну спыніўся 1 студзеня, бо скончыўся тэрмін дзеяння транзітнага кантракту паміж Расеяй і Украінай.
Цана на газ у Еўропе вырасла на 2%
На першых біржавых таргах сёлета газ у Еўропе падаражэў на 2,1%. Гэта адбылося пасля таго, як транзіт расейскага блакітнага паліва ў Еўразвяз праз Украіну поўнасцю спыніўся.
Базавыя цэны на бліжэйшы месяц выраслі на 4,3% – да 51 еўра за мегават-гадзіну, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам з кастрычніка 2023 года, піша Bloomberg. Выданне адзначае, што спыненне транзіту супадае з прагнозамі аб маразах, што можа прывесці да росту попыту на ацяпленне ў Еўропе. Цяпер расейскія трубаправодныя патокі для газу ідуць толькі праз Турцыю. Эксперты падкрэсліваюць, што дэфіцыту паліва Еўропа не адчувае, але з-за цяжкасцей з транспарціроўкай цэны могуць расці. (Office Life)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: «Лакшэры Мотарс Плюс»






