
Аб’яднанне былых сілавікоў BelPol апублікавала 8 траўня дадзеныя пра заработныя платы кіраўнікоў некаторых прадпрыемстваў, падкантрольных Міністэрству прамысловасці.
Сцвярджаецца, што інфармацыя актуальная на канец 2023 года, дадзеныя прыведзены да выліку падаткаў.
З публікацыі вынікае, што самы вялікі заробак атрымлівае дырэктар Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне — 18.701 рубель. Пры гэтым сярэдні заробак на прадпрыемстве — 2.388 рублёў (у кіраўніка ў 7,8 раза больш).
Заробак дырэктара БелАЗа ў Жодзіне — 18.468 рублёў (у 7,5 раза больш за сярэднюю на прадпрыемстве).
У першую пяцёрку таксама ўваходзяць кіраўнікі “Белдругасчормета”, Менскага механічнага завода ім. Вавілава – кіруючай кампаніі холдынгу “БелОМА” і Менскага электратэхнічнага завода ім Казлова” з заробкамі каля 15 тысяч рублёў.
BelPol падкрэслівае, што некаторыя з прадпрыемстваў са спісу з’яўляюцца стратнымі. Удакладняецца, што зарплата дырэктараў прадпрыемстваў фарміруецца з тарыфнага акладу, надбаўкі за заключэнне кантракта (50% акладу), надбаўкі за “складанасць працы” (150% акладу), прэміі (300% акладу), гадавых бонусаў (да 12 акладаў) і іншых стымулюючых выплат.






