Топ-10 гарадоў і раёнаў з самым высокім заробкам прадставіў рэсурс Myfin.by, які вывучыў дадзеныя афіцыйнай статыстыкі і склаў топ гарадоў і раёнаў з найбольшымі заробкамі. Не здзіўляе, што на першым месцы ў рэгіянальным разрэзе – Менск, дзе сярэдні заробак (гаворка пра заробак да выплаты падаткаў ды ўзносаў) склаў 2 тысячы 942 рублі.
На другім месцы аказаўся Астравецкі раён – 2 тысячы 901 рубель, на трэці – Менскі раён і 2 тысячы 644 рублі. Далей у спісе – Рэчыцкі раён, Салігорскі, Дзяржынскі, гарады Жодзіна і Наваполацк, Смалявіцкі раён і замыкае дзясятку Гародня, дзе сярэдні заробак складае 2 тысячы 248 рублёў.
Ізраільская IT-кампанія Playtika пакідае Беларусь
Інфармацыя пра ліквідацыю беларускай юрыдычнай асобы “Плэйтыка Бел” з’явілася на сайце Адзінага дзяржрэгістратара, піша сайт devby.io. Адпаведнае рашэнне прыняў уласнік кампаніі.
Пра сыход Playtika з Беларусі стала вядома яшчэ ў студзені. Супрацоўнікам кампаніі заявілі, што апошні працоўны дзень для тых, хто застанецца ў Беларусі, — 30 красавіка. Фізічны офіс у Менску быў зачынены для большасці супрацоўнікаў ужо з пачатку сакавіка. Паведамлялася, што многіх інжынераў звольнілі ў лютым: ім выплацілі заробак і гадавы бонус.
Офіс распрацоўкі Playtika у Менску адчыніўся ў 2012 годзе. На піку ў кампаніі працавала больш за 600 чалавек. Менскі офіс Playtika быў у ліку 20 самых буйных IT-кампаній у Беларусі.
У Беларусі хочуць стварыць аналаг «Яндекс Go»
Стварэнне нацыянальнага аператара таксі прынясе вялізныя грошы ў бюджэт. Пра гэта заявіла старшыня Асацыяцыі прафесійных перавозчыкаў пасажыраў Кацярына Станкевіч ў эфіры СТБ, дзе абмяркоўвалі змены на рынку таксі і манапалізацыю «Яндэкса». Аднак многія выступаюць супраць стварэння «Яндекс Go», заяўляючы, што будучы манапалістам гэты агрэгатар стане менш фінансава выгадны для асобных перавозчыкаў.
Прыгадаем, што з 1 жніўня пачне дзейнічаць новы ўказ «Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў», згодна з якім замежныя дыспетчары і сэрвісы таксі змогуць працаваць у Беларусі толькі пры ўмове стварэння беларускай юрыдычнай асобы. «Яндэкс» ужо зарэгістраваў беларускую кампанію, якая называецца «БелГо Корп».
Танныя дамы на італьянскай выспе
У Самбука-ды-Сіцылія на Сіцыліі можна купіць дамы нават за тры еўра. Гэта чарговы продаж нерухомасці ў рэгіёне, дзе пражывае прыкладна 6 тысяч чалавек.
Кампанія Sambuca di Sicilia арганізуе распродаж закінутых дамоў. Гаворка ідзе пра 12 дамоў, якія знаходзяцца ў старым сарацынскім раёне. Паводле CNN, кошт рэканструкцыі падобных дамоў, прададзеных у папярэднія гады, вагаўся ад 30 да 200 тысяч еўра. CNN тлумачыць, што ўлады Самбукі ўзялі пад кантроль закінутыя дамы пасля землятрусу, які абрынуўся на навакольную даліну ў 1969 годзе. Стыхійнае бедства прымусіла жыхароў бегчы, пакінуўшы пасля сябе пустыя дамы. Тагачасны ўрад зацвердзіў спецыяльны закон аб адраджэнні Самбукі, а мясцовыя ўлады атрымалі права ўласнасці на закінутыя дамы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: himprof.by