За рысай беднасці ў Беларусі жыве 3,5 працэнты насельніцтва. Пра гэта паведаміў Белстат, які правёў у кастрычніку – снежні мінулага года выбарачнае абследаванне хатніх гаспадарак. Зыходзячы з афіцыйных лічбаў, гэта прыкладна 322 тысяч чалавек, сярэднедушавы даход якіх ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму. Названы бюджэт цяпер складае каля 407 рублёў, або 126 даляраў у эквіваленце. Паводле дзяржавы, ніжэй за гэтую суму пражыць цяжка, а вышэй – ужо можна.

Калі глянуць па рэгіёнах, то найбольш бедных беларусаў жыве ў Магілёўскай вобласці, там іх 5,3 працэнта, у Гомельскай – 5 працэнтаў, мала лепш у Берасцейскай і Віцебскай абласцях. Затое ў Гарадзенскай і Менскай абласцях – амаль удвая менш тых, хто жыве за рысай беднасці. І самая лепшая сітуацыя ў самым Менску, там бедных людзей у межах аднаго працэнта.
Беларусы трапілі ў топ-3 іншаземцаў, якія скарысталіся льготнай іпатэкай у Польшчы
Праграма «Бяспечны 2% крэдыт» была запушчана ў ліпені 2023 года і завершана ў пачатку студзеня 2024 года. Яна зацікавіла шмат людзей: запланаваныя сродкі скончыліся праз шэсць месяцаў, хаця праграма была разлічаная на год. Агулам выдалі больш за 64 тысячы такіх крэдытаў. Сярод іншаземцаў найбольш льготных крэдытаў узялі грамадзяне Украіны – 2 215 чалавек, другое месца занялі беларусы – 492 чалавек атрымалі ільготныя крэдыты на кватэру. У тройцы таксама грамадзяне Індыі – 46 чалавек.
Ільготны крэдыт быў прызначаны для людзей ва ўзросце да 45 гадоў, якія вырашылі набыць першую нерухомасць, піша Gazeta Wyborcza.
Кампанія Apple кожную секунду зарабляе больш за 3 тысячы даляраў
Летась кампанія Apple дасягнула рэкорднага ўзроўню даходаў, зарабляючы ў сярэдні па тры тысячы даляраў кожную секунду. Такім чынам, выручка Apple істотна перавысіла паказчыкі Microsoft, які зарабляе менш за 2,5 тысячы даляраў кожную секунду. Як вынік, Apple выйшла ў лідары сярод сусветных тэхналагічных карпарацый па чыстым прыбытку. Пасля часовага спаду продаж у другой палове 2022 года кампанія змагла вярнуцца да росту за кошт аптымізацыі выдаткаў. Дарэчы, за 24,4 секунды Apple зарабляе сярэдні гадавы даход амерыканскай сям’і, то бок 75 тысяч даляраў.
Па выніках мінулага года пяцёрка самых буйных тэхналагічных карпарацый выглядае так: Google, Apple, Facebook, Amazon і Microsoft, якія сумарна атрымалі 1,6 трыльёна даляраў выручкі і 290 мільярдаў даляраў чыстага прыбытку. (Office Life)
Ryanair анансаваў рост цэн на 10%
Цэны на білеты Ryanair гэтым летам могуць вырасці на 10 працэнтаў. Галоўны выканаўчы дырэктар Майкл О’Ліры заявіў, што гэта звязана з затрымкай паставак новых самалётаў Boeing. Кампанія чакала 57 самалётаў у сакавіку, але мяркуецца, што да летняга сезону паспеюць паставіць толькі 40-45 самалётаў, піша ВВС. Затрымка звязана з праблемамі кампаніі Boeing.
О’Ліры заявіў, што павышэнне тарыфаў Ryanair не будзе такім «драконаўскім», як 17 працэнтаў у мінулым годзе, тым не менш мяркуе, што летам у Еўропе будзе «больш высокая цэнавая кан’юнктура».
Беларускае Радыё Рацыя