
Дзiяна Малінчык. Фота: bizcurator.pl
“Госця Рацыі” Дзiяна Малінчык — амбасадарка Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой, заснавальніца кампаніі BizCurator. Пагутарылі з ёй пра праблемы і магчымасці для беларускіх прадпрымальнікаў у Польшчы.
РР: Не так даўно вы сталі прадстаўніцай ABBA ў Познані. Па асноўнай сваёй прафесіі, калі я не памыляюся, дзейнасць ваша звязана з дапамогай бізнесу. Распавядзіце калі ласка вашы назіранні, якія ўмовы для беларускіх прадпрымальнікаў ёсць у Польшчы і якія асноўныя цяжкасці?
Дзiяна Малінчык: У першую чаргу беларускія прадпрымальнікі ў Польшчы сутыкаюцца з шэрагам цяжкасцяў. Пачынаючы ад рэгістрацыі бізнесу і скончваючы разнастайнымі прававымі, падатковымі пытаннямі. У АBBA мы прадстаўляем дапамогу па гэтых накірунках, прапаноўваючы кансультацыі па рэгістрацыі кампаніі, фінансавым планаванні і прыцягненні разнастайнага грантавага фінасавання. Як амбасадарка АBBA я асабіста ўдзельнічаю ў гэтым працэсе. Мы прапаноўваем новым чальцам разабрацца з разнастайнымі юрыдычнымі аспектамі вядзення бізнесу. Таму ключавымі цяжкасцямі, з якімі беларусы могуць сутыкнуцца, беларускі пачынаючы бізнес, які развіваецца на тэрыторыі Польшчы, я думаю, што гэта як раз падатковыя пытанні. То бок, як правільна плаціць падаткі, якія яны ёсць, для кампаній, для ІП. Канешне вызначыла б тут у тым ліку рэгістрацыйныя пытанні.
РР: У чым цяжкасць з рэгістрацыйнымі пытаннямі і з падаткамі?
Дзiяна Малінчык: Я б вызначыла, што гэта пытанні, дзе правільна зарэгістраваць фірму. Якую форму ўласнасці абраць. Папярэдне прааналізаваць статус легалізацыі на тэрыторыі Польшчы. Выбраць форму ўласнасці, якая больш пасуе. Наступны этап канешне, гэта разабрацца з падатковым абкладаннем на тэрыторыі Польшчы. Калі мы бяром ІП, напрыклад, то выбраць папярэдне, якая сістэма падаткаабкладання будзе больш пасаваць бізнесу, які пачынае развівацца, які з’яўляецца на польскім рынку. Калі казаць пра ТАА, у тым трэба разабрацца, якія прысутнічаюць падаткі, калі іх правільна плаціць. Якія першыя падаткі, з якімі сустракаюцца кампаніі. Як правільна зарэгістраваць кампанію, каб яна была легальнай ужо з першых дзён. Якая дакументацыя патрэбная акрамя статуту самой кампаніі. Таму гэта важныя аспекты, да чаго варта падрыхтавацца перад рэгістрацыяй самой кампаніі. У тым ліку праўленню, заснавальнікам і г.д. Ужо пасля гэтага прыступаць да легальнага вядзення бізнесу.
РР: Па вашых назіраннях, у якіх асноўных галінах цяпер развіваецца беларускі бізнес?
Дзiяна Малінчык: У першую чаргу вельмі шмат IT-спецыялістаў. Я суправаджала многіх IT-спецыялістаў, якія пасля палітычных падзей у 2020 годзе ў Беларусі, пераязджалі. Спачатку ў іншую краіну, а цяпер знаходзяцца ў Польшчы. Гэта канешне IT-сфера і IT-спецыялісты, якія найчасцей выкарыстоўваюць форму ўласнасці ІП і яе тут развіваюць. Таксама я заўважыла, што гэта вытворчасць харчавання і разнастайныя кавярні і рэстарацыі. Я б адзначыла, што тут больш дамінуюць разнастайныя кавярні. Я б адзначыла такія асноўныя накірункі бізнесу беларусаў у Польшчы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Дзіяна Малінчык падкрэслівае — чальцы Ассацыяцыі гатовыя дзяліцца сваім досведам у розных галінах бізнесу і дапамагаць пачынаючым прадпрымальнікам. Лягчэй будзе пачаць сваю справу маючы магчымасць парад, кансультацый і падтрымкі.
Беларускае Радыё Рацыя






