Дапамогу ад дзяржавы на ліквідацыю наступстваў ад урагану змогуць атрымаць толькі маламаёмасныя пацярпелыя мазырчукі, заўважыў “Штодзень Гомель”. Астатнім давядзецца ліквідаваць наступствы стыхіі за свае сродкі ці звяртацца ў страхавую (калі ёсць страхоўка).
Права на аднаразовую дапамогу маюць тыя жыхары Мазыра, у каго прыбытак на аднаго члена сям’і не перавышае 628 рублёў. Непрацуючыя пенсіянеры і інваліды, якія пацярпелі ад урагану, могуць звярнуцца па атрыманне матэрыяльнай дапамогі са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны.
Ураган 14 ліпеня абясточыў рэгіён. Была спыненая праца Мазырскага НПЗ, сотні населеных пунктаў засталіся без святла і вады (у тым ліку гарады Мазыр і Калінкавічы).
ВУП Беларусі за першае паўгоддзе вырас на 5 працэнтаў
Унутраны валавы прадукт Беларусі вырас на пяць працэнтаў за шэсць месяцаў гэтага года, паведаміў Белстат. «Аб’ём ВУП у бягучых цэнах склаў 113,8 мільярда рублёў, або ў супастаўных цэнах 105% да ўзроўню першага паўгоддзя 2023 года», — гаворыцца ў паведамленні ведамства. Пры гэтым рост ВУП пачынае крыху запавольвацца.
Беларусы запусцілі новую платформу для краўдфандынгу
З’явіўся сайт, дзе можна падтрымаць грашыма ініцыятывы творчых беларусаў. Ужо цяпер там збіраюць на пераклад «Графа Монтэ-Крыста», кнігу Аляксандра Чарнухі і не толькі.
Як піша “Наша Ніва”, пачала працаваць платформа Gronka — рэсурс, дзе можна падтрымаць фінансава цікавыя праекты беларусаў або папрасіць дапамогу на рэалізацыю ўласнай ідэі. Стваральнікі Gronka — тэхнічная каманда Паўла Лібера і ананімныя энтузіясты. Аўтары платформы падкрэсліваюць, што на ёй беларусы змогуць знайсці фінансаванне пад ідэю без пасярэднікаў, складаных заявак і незразумелых крытэрыяў. Платформа не спаганяе камісіі, але камісію ў 3-5% збірае плацежны сервіс Stripe, праз які адбываюцца данаты. Gronka таксама не збірае асабістыя даныя крэатараў і спонсараў. Цяпер на платформе прадстаўленыя пяць праектаў. Данаты з тэрыторыі Беларусі не магчымыя з прычын бяспекі, таксама сэрвіс не прымае данаты з беларускіх і расейскіх картак.
Расейскія і беларускія ўгнаенні заліваюць Еўропу
У першым паўгоддзі ў краіны Еўразвязу прыбыло амаль 3 мільёны тон угнаенняў з Расеі і Беларусі. Гэта на 65% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Абедзве краіны разам складалі больш за 30% усіх паставак у ЕЗ, – пішуць на польскім партале forsal.pl. Іх доля на рынку была самай высокай з таго часу, як Расея пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну.
Пры гэтым вытворчасць угнаенняў – адзін са спосабаў выкарыстання лішкаў прыроднага газу ва ўмовах страты Расеяй значнай часткі рынкаў збыту на Старым кантыненце, заўважае Беларуская служба Польскага радыё.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Вячаслаў Каламіец