BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дзве краіны ЕЗ супраць абмежавання па вывазу праз Беларусь люксавых аўто

Германія і Францыя выступілі з ініцыятывай – не абмяжоўваць вываз з Еўразвязу люксавых тавараў, у прыватнасці аўтамабіляў, праз Беларусь.

Фота: freepik.com

Паводле еўрапейскіх дыпламатаў, якія выступілі ў Politico, Германія пярэчыць супраць таго, каб ЕЗ «закрыў шчыліну», якая да гэтага часу дазваляе перамяшчаць прадметы раскошы ў Расею праз Беларусь.

Адначасова і Францыя не падтрымлівае ўвядзенне абмежаванняў на пастаўкі люксавых тавараў у Расею. Пры гэтым Парыж гатовы да «жорсткіх мер у дачыненні да краін, якія абыходзяць санкцыі», калі гаворка ідзе аб «таварах, якія служаць ваенным намаганням Расеі». У дыскусіі, якая разгарнулася ў Еўракамісіі, Германія таксама настойвае на ўзмоцненым экспартным кантролі толькі тавараў, прыдатных у ваенных дзеяннях Расеі. (Office Life)

Перастаў працаваць з Беларуссю сэрвіс грашовых пераводаў Fin.do

Пра тое, што платформа для P2P-пераводаў Fin.do перастала падтрымліваць пераводы ў Беларусь і з яе, паведамляе Devby.io. У тэхпадтрымцы і апдэйтах на сайце пазначаецца, што гэтая мера – часовая, але не пішацца, як надоўга. Пры гэтым пераводы па картах у іншых рэгіёнах працуюць у звычайным рэжыме.

Раней платформа анансавала, што з 1 красавіка 2024 года сэрвіс больш не будзе падтрымліваць пераводы на карты Mastercard Прыёрбанка, Альфа Банка, БелВЭБа і Белгазпрамбанка. А яшчэ – што ў выпадку з першымі трыма банкамі будуць працаваць карты Visa, а ў выпадку з Белгазпрамбанкам не будуць падтрымлівацца таксама і яны. Аднак на той момант адпраўка грошай з Беларусі заставалася даступнай, калі яны былі не ў беларускіх рублях. (nashaniva.com)

ЗВР Беларусі ў траўні знізіліся больш чым на 30 млн долараў

У траўні ўпершыню за тры месяцы знізіліся золатавалютныя рэзервы Беларусі. На 1 чэрвеня іх аб’ём склаў 8,41 млрд даляраў, гэта на 30,1 млн даляраў менш, чым у красавіку. Пра гэта паведамляе Нацбанк. Рост ЗВР, да прыкладу, у лютым эксперты Еўразійскага банка развіцця тлумачылі ў тым ліку павелічэннем «чыстай прапановы замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку». У той месяц беларусы здалі валюты ў абменнікі на 168 мільёнаў даляраў больш, чым купілі.

«Белавежская пушча» праводзіць рэбрэндынг

Беларускі Нацыянальны парк «Белавежская пушча» праводзіць рэбрэндынг. Распрацаваны новы лагатып.

Як паведамілі ў адміністрацыі парку, ён уяўляе сабою стылізаваную выяву зубра, упісаную ў сілуэт вежы. Таксама на ім прысутнічаюць знакі сонца, птушкі і лясы. Лагатып распрацавала агенцтва Grafit. Новы фірменны стыль будзе выкарыстоўвацца пры выпуску сувенірнай прадукцыі. Беларуская мова ў паказаных узорах адсутнічае.

Беларусь развівае стасункі з Камбоджай. Але дзе ў гэтым сэнс?

Пытанні «інтэнсіфікацыі двухбаковага дыялогу» абмяркоўваліся на сустрэчы амбасадара Беларусі ў В’етнаме і Камбоджы (па сумяшчальніцтве) Уладзіміра Баравікова з дзяржсакратаром камбаджыйскага Міністэрства гандлю Тэкрэт Камранг. Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага знешнепалітычнага ведамства, бакі таксама абмеркавалі «правядзенне чарговага пасяджэння сумеснага Беларуска-Камбаджыйскага камітэта па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве», а таксама абмяняліся думкамі пра «перспектывы кааперацыі ў прамысловай і сельскагаспадарчай сферах».

Дыпламатычныя стасункі паміж краінамі ўсталяваныя 25 студзеня 1995 года.

Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, тавараабарот у 2021 годзе склаў 5,1 млн даляраў. Даныя за наступныя гады адсутнічаюць.

Беларускае Радыё Рацыя