BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Беларусам варта пільна сачыць за курсамі валют”

Новым прэм’ер-міністрам Беларусі прызначаны Аляксандр Турчын, які раней кіраваў Менскай вобласцю. У той жа час ранейшы прэм’ер Раман Галоўчанка цяпер будзе старшынём праўлення Нацыянальнага банка. Такія рашэнні прыняў Аляксандр Лукашэнка, заявіўшы аб прыходзе новага пакалення кіраўнікоў.

Як лічыць дарадца Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч, з прызначэннем Галоўчанкі, беларусам варта пільна сачыць за курсамі валют:

– Спадар Галоўчанка становіцца кіраўніком Нацбанка, не маючы на тое ніякіх кампетэнцый. Гэта можа азначаць, што ў бліжэйшай будучыні павялічылася верагоднасць, што эканамічны крызіс, у тым ліку валютны крызіс, можа закрануць Беларусь. Улічваючы тое, што ў беларускіх тавараў з’явіліся праблемы на расейскім рынку, улічваючы розныя праблемы ў сусветнай эканоміцы, то на гэтым фоне такую ракіроўку і канкрэтна з Галоўчанкам на чале Нацбанка я ацэньваю даволі негатыўна.

Што тычыцца Аляксандра Турчына, які прызначаны прэм’ер-міністрам краіны, то эксперт зазначае, што Турчын мае эканамічную адукацыю і адпаведны досвед. Але гэта і так чалавек Лукашэнкі:

– Ёсць рэчы, якія кажуць на яго карысць. Пры гэтым Турчын сапраўды з 2020 года знаходзіцца і пад санкцыямі Еўразвязу і краін, якія супрацуюць з Еўразвязам, такія як Нарвегія, Чарнагорыя, Ісландыя, Албанія. Ён пад санкцыямі Вялікабрытаніі і Швейцарыі. Так што гэта таксама цікавы такі прыклад, калі прэм’ер Беларусі  не зможа падарожнічаць і прыязджаць на розныя двухбаковыя ці шматбаковыя сустрэчы ў еўрапейскія краіны.

Алесь Аляхновіч дадае, што ў практыцы Лукашэнкі перыядычна перакартоўваць кадры, каб ніхто не адчуваў сябе бяспечна і не пагражаў бяспецы самога Лукашэнкі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя