BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Эканамічны рост у Беларусі пачаў запавольвацца

Еўразійскі банк развіцця папярэдзіў пра запавольванне эканамічнага росту ў Беларусі. На думку аналітыкаў, на гэта ўказвае скарачэнне тэмпаў росту крэдытавання прадпрыемстваў. “Запавольванне тэмпаў росту крэдытавання карпаратыўнага сегменту можа сведчыць пра завяршэнне перыяду высокіх тэмпаў аднаўленчага росту”, – гаворыцца ў штотыднёвым аглядзе эканомік краін аперацый банка.

У банку таксама нагадалі свой прагноз для беларускай эканомікі на 2024 год. Эксперты мяркуюць, што эканоміка вырасце на два працэнты супраць амаль чатырох працэнтаў у 2023 годзе.

Колькі вакансій абяцаюць заробкі вышэй за тысячу даляраў?

У Беларусі на сёння зарэгістравана крыху больш за 137 тысяч вакансій. Гэта на некалькі тысяч менш, чым было ў канцы лістапада, але ўсё роўна на рэкордна высокім узроўні, піша “Еўрарадыё”. З усіх гэтых вакансій заробак вышэй за 1000 даляраў (або 3200 рублёў па актуальным курсе) прапануюць толькі 224. І гэта толькі 0,16% ад агульнай колькасці. 80% вакансій прапануюць заробак менш за 500 даляраў.

Афіцыйна, сярэдні заробак у Беларусі ў лістападзе склаў 1975 рублёў “бруднымі”. Мінус 13% падаткаў і 1% ФСАН — атрымліваецца 1699 рублёў, гэта каля 530 даляраў.

Істотна змянілася сума падарунка, што не абкладаецца падаткам

Скарэкціраваны памеры даходаў, атрыманых у якасці падарунка, якія не будуць абкладацца падаткам. Максімальная сума дарэння павялічылася на 1093 рублі і цяпер складае 10 431 рубель. З гэтай сумы не трэба будзе плаціць падаходны падатак. Адпаведнае рашэнне прыняў урад.

У тым выпадку, калі фізічная асоба атрымае ў якасці падарунка больш за названую суму, неабходна будзе па выніках года падаць падатковую дэкларацыю і выплаціць 13% з сумы, якая перавышае дапушчальную норму.

“Альфа Банк” уводзіць камісію “за даляры і еўра”

Беларускі “Альфа Банк” уводзіць з 1 лютага штомесячную камісію за захоўванне даляраў і еўра на рахунках фізічных асоб. Камісію будуць плаціць уладальнікі рахункаў ад 160 тысяч беларускіх рублёў у эквіваленце. Калі на рахунку ляжыць меншая сума, камісію спаганяць не будуць.

У банку патлумачылі, што пайшлі на гэты крок праз санкцыі, бо “у беларускіх банках назапасілася шмат замежнай валюты”, даляры і еўра немагчыма выкарыстоўваць у ранейшых аб’ёмах. У банку таксама нагадалі, што такое рашэнне раней прынялі і ў шэрагу іншых банкаў краіны. Каб не плаціць камісію, можна або перавесці валюту ў каштоўныя паперы ў беларускіх рублях, або адразу ў беларускія рублі ці юані.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Pixabay.com/Mediamodifier.