Аляксандр Лукашэнка 1 кастрычніка падпісаў указ, якім зацвердзіў найважнейшыя прагнозныя параметры развіцця Беларусі і мэтавыя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2025 год. Паводле гэтага дакумента чакаецца, што рост ВУП складзе 104,1%, экспарту тавараў і паслуг — 5,4%, а рэальных даходаў насельніцтва — 4%.
У 2025 годзе ў эканоміку плануецца інвеставаць на 7,8% больш, чым у бягучым годзе. Захаваецца і палітыка па стрымліванні цэн. Мэтай Нацыянальнага банка і ўрада з’яўляецца абмежаванне інфляцыі на ўзроўні пяці працэнтаў.
Польшча з’яўляецца чацвёртым вытворцам бульбы ў ЕЗ
У Польшчы пачаўся збор бульбы. Цэны на аптовых рынках значна ніжэйшыя за леташнія – паведамляе “Puls Biznesu”.
У бліжэйшы час сезоннае павелічэнне прапановы бульбы, звязанае з ураджаем, будзе аказваць ціск на цэны, але ў больш аддаленай перспектыве яны могуць вырасці. Гэта звязана з магчымым зніжэннем вытворчасці не толькі ў Польшчы, але і ў іншых еўрапейскіх краінах, важных з пункту гледжання вытворчасці. Польшча — чацвёрты вытворца бульбы ў Еўразвязе пасля Германіі, Францыі і Нідэрландаў. Летась яе ўраджай склаў 5,6 мільёна тон, — адзначае выданне.
І дарэчы, бульба – чацвёрты па папулярнасці прадукт харчавання ў Польшчы. Наперадзе яе толькі малако, яйкі і масла. Не менш высокае месца ў спісах пакупак бульба займае ў іспанцаў. Таксама бульба надалей вельмі папулярная ў Італіі, Даніі, Швецыі і Вялікабрытаніі.
Нафта рэзка падаражэла на фоне сітуацыі на Блізкім Усходзе
У аўторак, 1 кастрычніка, нафта пачала даражэць на фоне ўдараў Ірана па Ізраілі. Да вечара на піку кошт маркі Brent перавысіў $75 за барэль. Характэрна, што яшчэ раніцай 1 кастрычніка кошт нафты маркі Brent апусціўся ніжэй за $70. Аналітыкі звязвалі гэта з перспектывамі хуткага павелічэння паставак з боку краін АПЕК+ і Лівіі, а таксама са слабым ростам сусветнага попыту. Аднак з абвастрэннем сітуацыі цана на нафту рэзка пайшла ўверх. Даражэла і нафта маркі WTI. Кошт лістападаўскіх кантрактаў узнімаўся на максімуме на 5,4% – да $71,83 за барэль.
Як піша Reuters, цяперашняя эскалацыя канфлікту на Блізкім Усходзе пасля тыдняў інтэнсіўных ізраільскіх авіяўдараў па Ліване выклікае асцярогі наконт больш маштабнага канфлікту ў рэгіёне. (паводле Office Life)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: grupaeurocash.pl