Расейская прамысловасць апынулася на мяжы найцяжэйшага крызісу з канца 1990-х гадоў на фоне ўзмацнення санкцый, росту працэнтных ставак па крэдытах і рэзкага запаволення эканамічнага росту пасля ваеннага буму.

Як піша выданне The Moscow Times, топ-менеджары найбуйнейшых прамысловых кампаній адзначаюць, што сітуацыя з продажам прадукцыі ў гэтым годзе стала найгоршай з 1998 года. Ацэнкі попыту з боку буйнага бізнесу апусціліся ніжэй за ўзроўні 2009 і 2015 гадоў — перыядаў сусветнага фінансавага крызісу і першых санкцый супраць Расеі пасля анексіі Крыма.
Вытворчыя планы заводаў і фабрык па ўсёй краіне скараціліся да мінімуму за апошнія 16 гадоў. Агульны індэкс прамысловага аптымізму ўпаў да самага нізкага ўзроўню з 2009 года. Пасля двух гадоў ваеннага росту, калі бюджэт уклаў дзясяткі трыльёнаў рублёў у мегапраекты і абаронны сектар, расейская эканоміка, паводле выдання, ўвайшла ў фазу дэпрэсіі.
Тэмпы росту ВУП запаволіліся амаль да нуля, а прамысловасць фактычна апынулася ў рэцэсіі. У лістападзе аб’ёмы вытворчасці ў Расеі скараціліся на 0,7% у гадавым выражэнні. Металургія ўпала на 4,1%, хімічная прамысловасць — на 1,7%, машынабудаванне — на 5,4%. Упершыню за 15 гадоў зафіксавана падзенне вытворчасці прадуктаў харчавання — на 0,8%.
Асобныя галіны перажылі амаль поўны калапс: выпуск трактароў скараціўся на 61,6%, бульдозераў — на 53,7%, ліфтаў — на 37,2%, пасажырскіх вагонаў — удвая. Да найгоршых паказчыкаў 2022 года вярнуўся і аўтапрам — вытворчасць там абвалілася на 34,1%.
Як адзначае эканамістка Аляксандра Пракапенка, кошт санкцый для расейскай эканомікі працягвае расці, нягледзячы на заявы ўладаў. Паводле яе слоў, эканоміка знаходзіцца ў «замарожаным стане» і застаецца нестабільнай.
На гэтым фоне расейскія спажыўцы рыхтуюцца да новай хвалі росту цэн у сувязі з павышэннем падаткаў, якое плануецца з 2026 года. Інфляцыйныя чаканні насельніцтва ў кастрычніку выраслі з 12,6% да 13,3%.
Эксперты папярэджваюць, што эканоміка Расеі, якая ўжо чацвёрты год запар нясе значныя выдаткі на вайну, ўваходзіць у найбольш небяспечны перыяд: рэзервы вычэрпваюцца, санкцыі б’юць па нафтавым і банкаўскім сектарах, а 2026 год можа прынесці фінансавы крызіс.






