BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Эканомікі Беларусі, Расеі і Латвіі перасталі расці

Эканоміка Беларусі перастала расці. Тое самае ў Расеі і Латвіі. А вось эканомікі Польшчы і Літвы растуць стабільна, піша НН.

Рост валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў студзені-ліпені запаволіўся да 1,3%. Прытым, Белстат засакрэціў шматлікія сегменты эканамічнай статыстыкі. Гаспадарчыя паказчыкі Беларусі паўтараюць расейскія. Чакаецца, што гадавы паказчык росту дасягне там 1—1,5 адсоткі. Адбываецца прагназаванае ахаладжэнне эканомікі РФ пасля двух гадоў росту, які кампенсаваў падзенне гаспадаркі ў выніку санкцый і вайны ва Украіне.

Праблемы перажывае і Латвія. Яе гаспадарка доўгія гады была ў значнай ступені завязаная на расейскі рынак, транзіт у Расею і расейскіх турыстаў. Цяпер яна найбольш пакутуе ад неабходнасці разрыву з агрэсіўным партнёрам. ВУП Латвіі ў першым квартале гэтага года ўпаў на 0,3%.

У той жа час эканомікі Польшчы і Літвы працягваюць дынамічны рост. У Літве ёсць ужо звесткі пра другі квартал. ВУП вырас на 3% у гадавой праекцыі. Мяркуецца, што такую лічбу складзе і па выніках года. У Польшчы рост у першым квартале складаў 3,2%. Гадавы прагноз складае 3,3%.