BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

EPAM заявіў пра скарачэнне выручкі ў першым квартале

Амерыканская кампанія EPAM, якая мае цэнтр распрацоўкі ў Беларусі, распавяла пра зніжэнне выручкі ў першым квартале, піша Reform.news. Паводле агучаных дадзеных, выручка зменшылася на 3,8 працэнта і склала 1 мільярд 165 мільёнаў даляраў. Хоць пры гэтым чысты прыбытак кампаніі вырас на 13,6 працэнта.

У кампаніі адзначаюць, што зніжаецца попыт на паслугі ў сферы ІТ і прагназуюць далейшае зніжэнне выручкі ў другім квартале. Штат кампаніі на канец першага квартала складаў каля 53 тысяч чалавек.

Сальда склалася адмоўным

Экспарт беларускіх тавараў і паслуг знізіўся ў параўнанні з першым кварталам мінулага года на 13 мільёнаў даляраў. А імпарт вырас на 269 мільёнаў даляраў. Як вынік – сальда склалася адмоўным і перавысіла 96 мільёнаў даляраў. За такі ж перыяд мінулага года яно было станоўчым і складала 186 мільёнаў даляраў.

Дырэктары заводаў Гомельшчыны зарабляюць непамерна шмат

Памер налічанага сярэднямесячнага заробку гендырэктара ААТ “Гомсельмаш” Аляксандра Новікава ў канцы 2023-га года складаў 14 тысяч 762 рублёў (4 683 $). Пры гэтым сярэднямесячны заробак на прадпрыемстве быў меншы амаль у сем разоў — 2 139 рублёў (678 $). На гэта звярнуў увагу рэсурс “Флагшток”. Ён прааналізаваў звесткі пра заробкі дырэктараў беларускіх дзяржпрадпрыемстваў і арганізацый, якія апублікаваў BelPol.

Яшчэ большая разбежка ў заробках выявілася на Жлобінскім БМЗ. Кіраўніку прадпрыемства Дзмітрыю Корчыку налічылі 18 тысяч 701 рубель (5 933 $). Пры гэтым сярэдні заробак па заводзе быў 2 388 рублёў (757$). У Корчыка аказаўся самы высокі заробак не толькі сярод кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў вобласці, але ўсёй краіны.

Калі краіны Персідскага заліва ўвядуць «арабскі шэнген»?

Адзіныя візы для наведвання шасці краін Персідскага заліва пачнуць выдаваць у канцы 2024 года. У Міністэрстве эканомікі ААЭ распавялі, як іх можна будзе атрымаць, піша Office Life.  Плануецца выдаваць турыстам два тыпы віз: звычайную – на 30 дзён і “гранд-тур візу” (яе працягласць пакуль не называецца). Галоўнае, што заявы на атрыманне гэтых віз можна будзе падаваць анлайн, а тэрмін выдачы не павінен перавышаць 24 гадзіны.

У спісе краін “арабскага шэнгену”: Бахрэйн, Катар, Кувейт, Саудаўская Аравія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Аман. Асабліва цікава, на думку тураператараў, прысутнасць у гэтым спісе Саудаўскай Аравіі – адной з самых закрытых краін рэгіёну. Цэны на новыя візы таксама яшчэ не агучаныя. Цяпер у залежнасці ад краіны яны складаюць ад $20 да $80. Паведамляецца, што самыя буйныя тураператары і авіякампаніі Персідскага заліва атрымаюць бонусы для фарміравання пакетных прапаноў.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: ubn.news/pl.