BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Эстонія выходзіць з дамовы аб двайным падаткаабкладанні

Урад Эстоніі падтрымаў прапанову міністра замежных спраў Маргуса Цахкны аб спыненні дзеяння дамовы з Беларуссю аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і прадухіленні ўхілення ад выплаты падаткаў.

Паводле слоў Цахкны, дэнансацыя пагаднення — “гэта сігнал пра тое, што кампаніі і рэзідэнты краіны, якая ўдзельнічае ў агрэсіўнай вайне, не атрымаюць падатковых ільгот у Эстоніі”. Цахкна нагадаў аб аналагічным рашэнні, прынятым Беларуссю ў аднабаковым парадку, адзначыўшы, што пагадненне не прадугледжвала “магчымасці прыпынення”.

Як піша “Позірк”, у выпадку праходжання ўсіх прававых працэдур пагадненне спыніць дзеянне ў Эстоніі з 1 студзеня 2026 года.

Менск усё больш адрываецца ад рэгіёнаў

Сярэдні заробак у Менску перавышае тры тысячы рублёў на рукі, што каля 1000 даляраў па бягучым курсе. Тым самым сталіца ўсё больш адрываецца ад рэгіёнаў, у тым ліку ад абласных цэнтраў.

Сярэдні заробак па краіне за красавік — 2247 рублёў чыстымі, або каля 750 даляраў. Найменшыя паказчыкі ў Віцебскай вобласці — там сярэдні заробак склаў 1871 рубель. Калі ж параўнаць сярэдні заробак за сакавік у Менску і Бабруйску, які з’яўляецца самым буйным райцэнтрам, то розніца складзе каля 88%: 1624 рублі на рукі ў Бабруйску і 3048 рублёў у Менску.

Чаму растуць цэны на марозіва?

Раздзяўбайства і наплявальніцтва — асноўныя прычыны росту цэн на марозіва ў Беларусі. Пра гэта заявіў незалежны эксперт па рытэйлу, заснавальнік галіновага партала Міхаіл Лачугін, піша выданне banki24.by.

– Часта завышаныя цэннікі на гэты прадукт — зусім не з-за таго, што ён нерэальна дарагі, а з прычыны вельмі вялікай долі страт і спісанняў. У аднаго буйнога вытворцы яны даходзяць да 18-20%.

На думку эксперта, да змяншэння страт і спісанняў павінны імкнуцца як гандлёвыя сеткі, так і вытворцы. Аднак у большасці выпадкаў сістэмнай працы няма.

Змяніліся ўмовы працаўладкавання іншаземцаў у Польшчы

З 1 чэрвеня 2025 года працадаўцы, якія наймаюць іншаземцаў у Польшчы, павінны выконваць новыя абавязкі, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. Да прыкладу, працадаўца абавязаны цяпер праінфармаваць работніка пра яго права ўступіць у прафсаюз.

Сярод змен, да прыкладу, ліквідацыя так званага тэсту рынку працы (г.зн. абавязку прыкладаць да заяўкі на дазвол на працу інфармацыю ад старасты аб адсутнасці мясцовых прэтэндэнтаў на пасаду). Аднак уводзіцца магчымасць стварэння на ўзроўні асобных паветаў спісаў абароненых прафесій, па якіх не будуць выдавацца дазволы на працу іншаземцам.

З 1 чэрвеня немагчыма будзе працаўладкаваць іншаземцаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны на падставе нацыянальнай візы, выдадзенай з мэтай турызму, як часовая абарона, для лячэння і так далей, а таксама на падставе шэнгенскай візы, паведамляе Польскае Радыё.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: balticshuttle.ee (Талін)