З 2027 года ў краінах Еўразвязу будзе забаронена праводзіць наяўныя плацяжы на суму, якая перавышае 10 000 еўра. Акрамя таго, для транзакцый звыш 3 000 еўра будзе абавязковая праверка асобы, паведамляе biznes.interia.pl.

Гэтыя меры накіраваныя на барацьбу з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму. Абмежаванні распаўсюджваюцца на ўсе валюты, якія дзейнічаюць на тэрыторыі ЕЗ, але асобныя дзяржавы змогуць устанаўліваць больш жорсткія ліміты. Гэта азначае, што ў шэрагу выпадкаў зрабіць куплю за наяўныя будзе немагчыма.
У некаторых краінах Еўразвязу ўжо дзейнічаюць падобныя нормы. Так, у Польшчы кампаніі не могуць здзяйсняць наяўныя плацяжы на суму звыш 15 000 злотых — усе такія транзакцыі павінны праходзіць безнаяўна. Аднак новыя правілы распаўсюджваюцца не толькі на прадпрымальнікаў, але і на прыватных асоб.
Для беларусаў, у прыватнасці, гэта абяцае пэўныя складанасці пры здзяйсненні буйных здзелак у краінах Еўразвязу. Напрыклад, пры набыцці аўтамабіляў на другасным рынку. Пасля ўвядзення абмежаванняў на наяўныя разлікі аплаціць ужыванае аўто, мяркуючы па ўсім, можна будзе толькі з дапамогай банкаўскага пераводу, што, з улікам дзеючых эканамічных санкцый, якія закранаюць у тым ліку і банкаўскі сектар, можа быць дастаткова праблематычным.
Беларускае Радыё Рацыя