Еўразвяз забараніў пастаўляць Расеі аўтапакрышкі сваіх вытворцаў для легкавых аўтамабіляў амаль адразу пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе.

Пазней у санкцыйны спіс дадалі і шыны для грузавікоў. Таксама да санкцый далучылася Японія. Супраць Беларусі гэтыя абмежаванні не ўвялі, чым скарыстаўся шэраг кампаній, каб перанакіроўваць забаронены тавар у Расею, – паведамляе Беларускі расследавальніцкі цэнтр. На падставе аналізу мытных дэкларацый журналісты сцвярджаюць, што з моманту забароны і да лета бягучага года з Беларусі ў Расею паступіла больш як 286 тысяч шын на суму амаль 50 мільёнаў даляраў. Большасць – з Еўразвязу.
У каментары «Белсату» кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч адзначыў, што шыны з’яўляюцца важнай часткай вайны, бо менавіта яны «рухаюць войска».
Прагназуецца рост беларускага аўтарынку ў два разы
Беларуская аўтамабільная асацыяцыя чакае, што па выніках года беларускі аўтарынак вырасце ў 2,15 разу. Пра гэта заявілі на прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў рамках «Мотаршоў».
Адзначаецца, што па выніках васьмі месяцаў года дылеры, якія ўваходзяць у асацыяцыю, прадалі 27 тысяч 921 аўтамабіль, што адпавядае ранейшаму прагнозу БАА на ўвесь год. Таму новая ацэнка асацыяцыі – 47-48 тысяч аўтамабіляў. На гэты момант у Беларусі прадаецца 91 мадэль аўтамабіляў, з іх 12 – гэта электракары, піша reform.news.
LOT прыпыняе палёты над Іранам
Польскія авіялініі LOT Polish Airlines прыпыняюць палёты над Іранам – паведамляе RMF FM. Прычына – эскалацыя канфлікту на Блізкім Усходзе і аўторкавы ракетны ўдар Ірана па Ізраілі.
У аўторак Іран выпусціў па Ізраілю амаль 200 балістычных і крылатых ракет. Па ўсёй краіне загучалі сірэны надзвычайных сітуацый, і мільёнам жыхароў было загадана сысці ў сховішчы. Большасць ракет былі перахопленыя або нейтралізаваныя сістэмамі абароны, але некаторыя дасягнулі мэты. З-за напружанасці на Блізкім Усходзе Ізраіль, Ліван і Ірак на некалькі гадзін закрылі сваю паветраную прастору, а Іарданія прыпыніла авіязносіны. LOT таксама абмяжоўвае палёты над гэтай часткай свету. Пры гэтым рэйсы польскага перавозчыка ў Ліван ды Ізраіль цалкам адмененыя да сярэдзіны кастрычніка.
У Беларусі пачалі выпускаць сыр з белым труфелем
Верхнядзвінскі масласырзавод абвясціў пра выпуск навінкі — сыру Tartufo з даданнем італьянскага белага труфеля, заўважылі «Народныя навіны Віцебска». Як сцвярджаюць на прадпрыемстве, новы гатунак сыру вылучаецца вытанчаным тонкім водарам, далікатным сметанковым смакам з мноствам нюансаў. У крамах Віцебска гэты сыр пакуль знайсці не ўдалося. Адсутнічае ён і ў прайс-лісце прадпрыемства, які, падобна, абнаўляўся апошні раз у красавіку. Таму цану навінкі назваць складана.
У Беларусі, дарэчы, ужо выпускаюць сыр з чорным труфелем — гэта «Кронес» ад гарадзенскага «Малочнага свету». Кілаграм гэтага сыру каштуе 54 рублі 44 капейкі. Аднак варта ўлічваць, што белы труфель каштуе даражэй за чорны ў 5-6 разоў. (nashaniva.com)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БРЦ, калаж, створаны з дапамогай ШІ