BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўразвяз падлічыў закупкі расейскіх газу і нафты

Дзяржавы Еўразвязу купілі ў Расеі энерганосьбітаў амаль на 30 мільярдаў еўра ў мінулым годзе. Гаворка ідзе пра набыццё нафты, нафтапрадуктаў і газу, удакладняе Еўрастат.

Пры гэтым таваразварот Еўразвязу з Расеяй летась упаў у грашах амаль утрая ў параўнанні з анамальным 2022 годам, калі сусветныя цэны на нафту трымаліся на ўзроўні ста даляраў за барэль. Тады даходы Расеі ад продажу Еўразвязу нафты і нафтапрадуктаў ацэньваліся на 90 мільярдаў даляраў. Аднак пасля ўвядзення 12-ці пакетаў санкцый доля ЕЗ у тавараабароце Расеі скарацілася з 36 да 15 працэнтаў, а доля тавараабароту з сяброўскімі краінамі вырасла з 46 да 77 працэнтаў. (Office Life)

Назвалі прычыны паскарэння інфляцыі ў Беларусі

На рост цэн у Беларусі ўплываюць высокі ўнутраны попыт і інфляцыя ў Расеі, ключавога гандлёвага партнёра краіны. Так мяркуюць у Еўразійскім банку развіцця. У студзені гадавая інфляцыя ў Беларусі склала 5,9%. У снежні гэты паказчык быў ніжэйшы на адну дзясятую працэнта. Адзначыўся рост цэн на прадукты і нехарчовыя тавары, а на паслугі рост цэн наадварот запаволіўся.

У ЕАБР мяркуюць, што інфляцыйны ціск у Беларусі захаваецца. Але ўлады будуць старацца стрымліваць рост цэн адміністрацыйна — за кошт мер цэнавага рэгулявання.

У Беларусі ўпершыню выпусцілі сваю локшыну хуткага прыгатавання

Пра з’яўленне ў продажы першай беларускай локшыны хуткага прыгатавання “Лапшуха” з рознымі смакамі паведаміла ў сацсетках яе вытворца — барысаўская кампанія “Пряный дом”. Паводле вытворцаў, беларуская локшына не паўтарае імпартных аналагаў і мае натуральны смак за кошт уключэння сухіх інгрэдыентаў — курынага мяса, сыру, цыбулі і грыбоў.

“Так, вы правільна прачыталі, менавіта сушанае на нашай вытворчасці мяса (курынае філе), сушаны сыр і смажаная цыбуля з грыбамі проста з вытворчай патэльні. Думаем, такая разнастайнасць задаволіць нават самага патрабавальнага гурмана”, — адзначае прэс-служба кампаніі.

Мяняецца кіраўніцтва галоўных прадпрыемстваў у Польшчы

Пасля змены ўлады ў Польшчы ў выніку апошніх парламенцкіх выбараў адбываюцца і змены кіраўніцтва галоўных прадпрыемстваў краіны, у якіх дзяржава мае кантрольны пакет акцый.

Так, канцэрн KGHM мае новы назіральны савет. Гэта адна з найбуйнейшых польскіх дзяржаўных кампаній і адзін з найбуйнейшых вытворцаў медзі і срэбра ў свеце. Новая назіральная рада таксама ў Польскай групы ўзбраенняў (Polska Grupa Zbrojeniowa). Гэта найбуйнейшы кансорцыўм у Польшчы, які аб’ядноўвае мілітарныя кампаніі, большасць акцый якога належыць Дзяржаўнаму казначэйству. У групу ўваходзяць некалькі дзясяткаў прадпрыемстваў па ўсёй краіне, сярод іншага: зброевы завод у Радаме, Гута-Сталёва-Воля, вядомая вытворчасцю гаўбіц Krab, і завод Bumar-Łabędy ў Глівіцэ, які мае магчымасць вырабляць танкі.

У аператара прамысловых газаправодаў Gaz-System таксама новы старшыня ўправы. А раней быў адхілены старшыня найбуйнейшай польскай паліўнай кампаніі ORLEN.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з адкрытых крыніц