BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўразвяз спыняе закупкі мэблі з Беларусі

ЕЗ спыняе закупкі мэблі з Беларусі, такім чынам Менск пазбавіцца 112 мільёнаў еўра чаканай выручкі за год, паведамляе Беларускі расследавальніцкі цэнтр са спасылкай на Earthsight. У апошнія месяцы асноўнымі пунктамі ўвозу беларускай мэблі былі Германія і Польшча, за імі ішлі Літва і Румынія. З пачатку вайны ва Украіне Еўразвяз імпартаваў беларускай мэблі на суму каля 250 мільёнаў еўра.

Раней праваабаронцы, чальцы Еўрапарламента і былыя палітвязні Беларусі заклікалі Лясную апякунчую раду расследаваць, як мэбля, якую вырабляюць у калоніях Беларусі, атрымала дазвол ад гэтай рады, піша БРЦ. Расследавальнікі знайшлі восем такіх калоній. Яны прадавалі мэблю і іншую прадукцыю, якую выраблялі зняволеныя, у тым ліку асуджаныя па палітычных артыкулах. На сайце дзяржаўнага прадпрыемства «№5» (папраўчая калонія ў Івацэвічах) да гэтага часу пазначана, што яны пастаўляюць мэблю ў краіны Еўразвязу.

Дэфіцыт спецыялістаў хочуць кампенсаваць за кошт мігрантаў з Азіі

Дэфіцыт кадраў у беларускай эканоміцы, выкліканы ў тым ліку рэпрэсіямі і пагрозай расшырэння вайны, вымушае ўлады змяняць эміграцыйную палітыку. У Беларусь на працу ўсё часцей заклікаюць прыязджаць жыхароў з былой постсавецкай прасторы — і гэта тэндэнцыя будзе ўмацоўвацца. Пра гэта ў эфіры “Еўрарадыё” распавяла Аліса Рыжычэнка, экспертка ў сферы дзяржаўнага кіравання і міжнароднага развіцця.

“Мы ўжо цягам трох гадоў бачым скарачэнне колькасці занятых у эканоміцы. Адчуваецца дэфіцыт работнікаў і рост колькасці вакансій, нават паводле афіцыйнай статыстыкі іх недзе 150 тысяч. І [улады] ужо прывозяць работнікаў з азіяцкіх краін. Гэта актуальна, гэта ёсць, і гэта нікуды не падзенецца”. Але ў відавочнага вырашэння праблемы з дэфіцытам кадраў ёсць стратэгічныя праблемы. Першая з іх — гэта невысокія заробкі і зусім іншы менталітэт, адзначыла экспертка.

Правы пасажыраў на польскай чыгунцы

Пасажыры спозненых цягнікоў маюць права на рэкламацыю і кампенсацыю. Упраўленне чыгуначнага транспарту Польшчы нагадвае, што асобы, якія маюць прэтэнзіі адносна праезду цягніком, могуць звяртацца са скаргай да перавозчыка. Прэс-сакратар Упраўлення Томаш Франкоўскі сказаў, што ў выпадку цягнікоў далёкіх дыстанцый такія сітуацыі рэгулююцца правіламі Еўразвязу:

– Калі наш цягнік спазняецца больш за 60 хвілін, то пасажыры маюць права на кампенсацыю ў памеры 25-ці працэнтаў цаны білета. Калі цягнік спознены больш за 120 хвілін, то кампенсацыя складае палову цаны білета. Зразумела, можна патрабаваць кампенсацыі таксама паводле агульных правілаў Грамадзянскага кодэкса.

Таксама ў выпадку цягнікоў далёкага накіравання, калі спазненне перавышае 60 хвілін, перавозчык павінен гарантаваць пасажырам напоі і харчаванне. Калі ў цягніку не дзейнічаў кандыцыянер – таксама можна падаць скаргу, паведамляе Беларуская служба Польскага радыё.

Беларускае Радыё Рацыя.

Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц.