Рада Еўрапейскага Звязу па замежных справах і гандлі канчаткова зацвердзіла увядзенне дадатковых пошлін на некаторыя віды імпарту ў ЕЗ расейскай і беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі. Размова ідзе аб збожжавых, алейных культурах і прадуктах іх перапрацоўкі, уключаючы пшаніцу, кукурузу і сланечнікавы шрот, а таксама гранулы бураковага жому і сушаны гарох. Гэтыя меры не паўплываюць на транзіт гэтых прадуктаў праз ЕЗ у трэція краіны. Пастанова набудзе моц 1 ліпеня.

Пазбавіць РФ даходаў для фінансавання вайны з першапачатковай прапановай увесці пошліны раней выступіла Еўракамісія. Меры закліканы прадухіліць дэстабілізацыю рынку ЕЗ у выпадку росту паставак расейскай збожжавай прадукцыі, спыніць нелегальны экспарт незаконна прысвоенага Расеяй украінскага збожжа, а таксама не дапусціць выкарыстанне Расеяй даходаў ад экспарту ў ЕС для фінансавання вайны супраць Украіны. Паводле звестак Еўракамісіі, у 2023 годзе Расея экспартавала ў ЕЗ такой прадукцыі на суму каля 1,3 млрд. еўра. (dw.com)
Лукашэнка на чатыры дні ляціць у Манголію
З 1 да 4 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка ўпершыню будзе ў Манголіі з афіцыйным візітам. Пра гэта паведамляе прэс-служба афіцыйнага кіраўніка Беларусі. Плануецца, што падчас сустрэч у Манголіі перш за ўсё будуць абмяркоўвацца магчымасці пашырэння ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы, продаж на мангольскім рынку харчовай і прамысловай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, супрацоўніцтва ў аграрна-прамысловай сферы. Чакаецца падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў. Паралельна з візітам Лукашэнкі ва Улан-Батары адбудзецца мангольска-беларускі бізнес-форум.
Гэта будзе першы візіт Лукашэнкі ў Манголію. Раней Манголію наведвалі толькі чальцы ўраду Беларусі. Як зазначае «Белсат», аб’ёмы гандлёвага абароту Беларусі і Манголіі невысокія: у 2020 годзе гэты паказчык складаў 49,6 мільёнаў даляраў, у 2021 – 43,5 мільёны даляраў.
Няма каму працаваць
Дэфіцыт рабочых рук у Беларусі з’яўляецца “доўгачасовым і стратэгічным выклікам як у колькасным, так і ў якасным аспектах”, заявіла намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч у каментары дзяржаўнаму выданню “СБ. Беларусь Сёння”. Некаторыя краіны, паводле яе слоў, “кампенсуюць недахоп нацыянальных працоўных рэсурсаў за кошт міграцыі”. Але Беларусі патрэбныя кваліфікаваныя кадры, якія не патрабуюць доўгай інтэграцыі ў асяроддзе. Таму чыноўніца перакананая, што на першым месцы па актуальнасці для Беларусі павінна стаяць “задача не прыцягнення новых працоўных рэсурсаў здалёк”, а ўтрыманне сваіх кадраў, а яшчэ лепш — “вяртанне суграмадзян, якія мігравалі”.
Паводле статыстыкі, за апошнія 12 месяцаў беларуская эканоміка страціла больш за 37 тысяч работнікаў. На сайце Дзяржаўнай службы занятасці апублікавана амаль 154 тысячы вакансій. Паводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тысяч чалавек пакінула Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: Freepik.