Еўразвяз працягвае закупкі фанеры з Расеі і Беларусі, нягледзячы на ўведзеныя санкцыі. З ліпеня 2022 года па кастрычнік 2024 года краіны ЕЗ закупілі фанеру на 1,5 мільярда еўра. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні Earthside, піша LRT.

Аўтары сцвярджаюць, што сем з дзесяці найбуйнейшых расейскіх экспарцёраў бярозавай фанеры па-ранейшаму пастаўляюць яе ў ЕЗ. Матэрыял выкарыстоўваецца ў вытворчасці мэблі, паркету, спартовага інвентару і цацак. Сярод пакупнікоў – пастаўшчыкі найбуйнейшай польскай сеткі мэблевых крам Black Red White і вытворца сцен для скалалажання Walltopia. Фанера вырабляецца ў Расеі і Беларусі, пасля чаго афармляецца як вырабленая ў іншых краінах – напрыклад, у Кітаі, Казахстане, Грузіі і Турцыі.
Найбуйнейшымі імпарцёрамі фанеры выступаюць Польшча, Эстонія, Германія, Грэцыя, Італія, Іспанія і Партугалія. Кожны дзень у ЕЗ увозяць 22 кантэйнеры з падсанкцыйным таварам. (news.zerkalo.io)
Аб’ём гандлю Беларусі з Еўрапейскім звязам складае каля $8 млрд
Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў у інтэрв’ю выданню «Известия».
– Нягледзячы на ўсе санкцыі, каля $8 млрд — гэта сума нашага гандлю з Еўрапейскім звязам. І самае цікавае, што ў гэтай суме большасць пазіцый належыць тым дзяржавам, якія стаяць каля вытокаў крытыкі Беларусі і разгортваюць антыбеларускую рыторыку ў Еўрапейскім звязе. То бок яны там заклікаюць да санкцый, заяўляючы пра нелегітымнасць нашай улады, а пад шумок працягваюць гандляваць, — заявіў Рыжанкоў.
Паводле яго слоў, у еўрапейскіх краін ёсць цікавасць да гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Таксама Рыжанкоў паведаміў, што доля Расеі ў агульным гандлі Беларусі набліжаецца да 70 працэнтаў. (nashaniva.com)
Аператарам сотавай сувязі не дазволяць павышаць цэны на паслугі
Прадпрыемствы па аказанні паслуг сотавай электрасувязі заключаць пагадненне з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якім павышэнне тарыфаў не прадугледжана. Рашэнне прынята па выніках сустрэчы пад старшынствам міністра гандлю Артура Карповіча і міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана. У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі аператараў A1, і МТС, а таксама РУП «Белтэлекам».
Перад гэтым, у траўні 2024 года, Эканамічны суд Менска аштрафаваў кампанію А1 за завышаныя цэны на паслугі мабільнай сувязі па ч. 3 арт. 13.2 КаАП (парушэнне ўстаноўленага парадку ўстанаўлення (фарміравання) і (або) прымянення цэн (тарыфаў)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: памежная служба Польшчы






