BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

ЕЗ купіў у Расеі тавараў амаль на 9 мільярдаў еўра

Не гледзячы на два дзясяткі пакетаў санкцый, гандаль паміж Расеяй і краінамі ЕЗ не спыніўся. Паводле дадзеных Інстытута нямецкай эканомікі, толькі ў першым квартале Еўразвяз увёз з Расеі тавараў на 8,7 мільярда еўра. Для параўнання: у 2021 годзе за той жа перыяд імпарт дасягаў 30,6 мільярда, а ў 2022 годзе — рэкордных 63 мільярды з-за скачку цэн на нафту і газ, піша Bild. Галоўныя выключэнні з санкцыйнай лініі — Венгрыя і Славакія, а таксама часткова Францыя і Іспанія. Больш за ўсё грошай ідзе на газ: яго закупілі на 4,4 мільярда еўра.

Экспарт у зваротным напрамку таксама ідзе: у Расею пастаўляюць у першую чаргу машыны і лекі. У першым квартале агульны аб’ём склаў 7,9 мільярда еўра — амаль у тры разы менш, чым да вайны, піша “Наша Ніва”.

Улады спадзяюцца на развіццё турызму ў наступным пяцігоддзі

Урад вызначыў пяць прыярытэтаў у праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады, вынікае са слоў міністра эканомікі Юрыя Чабатара. Гэта арэнднае жыллё, якасныя дарогі, “развіццё праз лічбавізацыю і тэхналагічнасць рэальнага сектара эканомікі”, “моцныя рэгіёны” і турызм. У прыватнасці, сфера турызму павінна заняць 4,5 працэнта валавога ўнутранага прадукту (цяпер, паводле ацэнак Белстата, доля складае каля 2 працэнтаў без уліку сумежных галін).

Закранаючы рэальны сектар эканомікі, чыноўнік адзначыў, што ў праекце закладзена стварэнне ўласнай робататэхнічнай галіны, заўважае “Позірк”.

З Менска ў Гародню запусцілі аўтобусы ў Варшаву праз Латвію

З 12 верасня польскі ўчастак мяжы зачынены, у выніку перавозчыкі імкнуцца мінімізаваць нязручнасці для пасажыраў і шукаюць новыя напрамкі. Пра два новыя рэйсы ў Варшаву распавялі Office Life прадстаўнікі сэрвісу «Атлас Бас». Так, у раскладзе з’явіліся два новыя прамыя рэйсы з Менска і Гародні ў Варшаву, якія накіроўваюцца праз Латвію. Праўда, шлях у гэтым выпадку будзе няблізкі. Білет каштуе даражэй, чым на ранейшыя звычайныя рэйсы, 350-380 рублёў. На бліжэйшыя рэйсы месцаў ужо няма.

У кампаніі дадалі, што, магчыма, колькасць прамых рэйсаў у Польшчу праз Латвію павялічыцца. Пры гэтым нагадалі, што пры паездцы праз гэтую краіну пасажырам неабходна прытрымлівацца шэрагу ўмоў. Не пазней як за 48 гадзін да паездкі іншаземец абавязаны запоўніць адмысловую анкету.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: factor.am.