Павышаныя мытныя пошліны, якія будуць уведзены ў адносінах да збожжа з Беларусі і Расеі з 1 ліпеня, могуць пазней быць распаўсюджаны і на іншыя тавары, заявіла на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета Еўрапейскага звязу па гандлі міністр замежных спраў Бельгіі Хаджа Лябіб. Паводле яе слоў, гэта прапанова Швецыі, яна “павінна стаць прадметам далейшага абмеркавання” для ацэнкі наступстваў ад яе рэалізацыі”.

30 траўня Савет ЕЗ падтрымаў прапанову Еўракамісіі і прыняў рашэнне аб павышэнні тарыфаў на імпарт некаторых відаў сельскагаспадарчай прадукцыі з Расеі і Беларусі. “Павышаныя тарыфы распаўсюджваюцца на Беларусь, улічваючы цесныя палітычныя і эканамічныя сувязі гэтай краіны з Расеяй”, — гаворыцца ў паведамленні ЕЗ.
Беларусь мае намер развіваць эканоміку і гандаль з Угандай і Сербіяй
Планы па пашырэнні ўзаемадзеяння “з акцэнтам на эканоміку і гандаль” намецілі амбасадар Беларусі ў краінах Усходняй Афрыкі (Кенія, Танзанія, Уганда, Эфіопія) і кіраўнік угандыйскага ўрада Рабіна Наббанджа 30 траўня ў Кампале. Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, бакі абмеркавалі супрацу ў галіне сельскай гаспадаркі, прамысловасці, фармацэўтыкі, інвестыцый і развіцця прамых кантактаў паміж бізнесам дзвюх краін.
Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Угандай усталяваныя 2 кастрычніка 1998 года. Паводле інфармацыі МЗС, двухбаковы тавараабарот па выніках 2021 года склаў 29,3 млн даляраў, з якіх на беларускі экспарт прыпала 28,7 млн. Актуальных звестак у адкрытым доступе няма.
Знешнепалітычнае ведамства таксама паведаміла, што 30 траўня амбасадар Сербіі Іліна Вукайлавіч уручыла намесніку міністра замежных спраў Юрыю Амбразевічу копіі даверчых грамат. Яны абмеркавалі “стан і перспектывы развіцця” двухбаковых стасункаў. (паводле «Позірк»)
У Польшчы рост вытворчасці энергіі з аднаўляльных крыніц дасягнуў 27%
2023 год стаў годам значных змен у энергетычным балансе Польшчы. Хоць вугаль застаецца асноўнай крыніцай электраэнергіі, яго доля знізілася да гістарычна нізкага ўзроўню ў 60,5%. Такім чынам вытворчасць энергіі з каменнага і бурага вугалю ў Польшчы знізілася на 20%. Адбылася значная змена ў балансе крыніц энергіі ў Польшчы. На гэта, безумоўна, уплывае попыт на электраэнергію, які адносна невялікі, – заявіла кіраўніца Forum Energii, даследчыца Ёана Пандора, падчас вебінара «Трансфармацыя без рулявога». Яе меркаванні былі надрукаваныя парталам biznesalert.pl.
Польшча сутыкаецца з праблемай пераўтварэння свайго энергетычнага сектара ўстойлівым, эфектыўным і канкурэнтаздольным спосабам. Справаздача «Энергетычная трансфармацыя ў Польшчы», падрыхтаваная Forum Energii, паказвае карціну прагрэсу і выклікаў, якія краіна павінна пераадолець, каб дасягнуць амбіцыйных мэтаў, звязаных з дэкарбанізацыяй і павышэннем энергетычнай бяспекі. (Польскае радыё)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц